Новы дакументальны фільм раскрыў таямніцы асабістага жыцця кіраўніка Чачні. У тым ліку імя маці Адама Кадырава.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/kadyrov-ujli9.jpg.webp)
Расійскае незалежнае медыя «Праект» выпусціла дакументальны фільм «Вертыкаль Кадырава. Поўная крыві біяграфія». За няпоўныя суткі фільм набраў амаль мільён праглядаў.
Акрамя падрабязнага разгляду акалічнасцей палітычнай кар'еры Рамзана Кадырава, у фільме расказваецца і пра яго асабістае жыццё.
Вядома, што ў кіраўніка Чачні, нягледзячы на забарону расійскімі законамі, некалькі жонак. Акрамя іх, Кадыраў мае вялікую колькасць наложніц. Для таго, каб дзяўчаты не былі абвінавачаныя ў блудзе, афармляецца часовы ісламскі шлюб — ніках.
Журналісты прыводзяць словы знаёмага Рамзана: «Кадыраў аддае перавагу некранутым юным дзяўчатам, школьніцам або студэнткам першых курсаў. У яго ёсць памагаты, які захоўвае кантакты мноства маладзенькіх чачэнак. Дзясяткі, можа, сотні».
У юнацтве Рамзан Кадыраў захапляўся сваёй равесніцай Жанэтай Мукуевай. Але яна выйшла замуж за іншага. Калі праз некаторы час жанчына развялася, то ў іх з Рамзанам пачаліся блізкія адносіны.
У 2003 годзе Жанэта была расстраляна проста на вуліцы. Двое знаёмых з Кадыравым людзей сцвярджаюць, што гэта было зроблена на яго загад. Прычынай магла стаць нейкая правіннасць жанчыны.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/janetta-uqbgh.jpg.webp)
Сярод былых наложніц Рамзана журналісты называюць спявачку Хутмат Дадаеву. Афіцыйна яна лічылася памочніцай Рамзана, куратарам моладзевай палітыкі і жаночага клуба «Іман» (аб'яднання жанчын — прыхільніц Кадырава). Пасля таго, як Хутмат у нечым аслухалася Кадырава, яна страціла пасаду.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/hutmat_dadaeva-1-8lu8b.jpg.webp)
Журналісты расказваюць гісторыю іншай папулярнай у мінулым у Чачні спявачкі Тамілы Сагаіпавай. У 2012 годзе яна запісала песню «Мой Нанак». Нанак — гэта трохі змененае хатняе імя «Нанат», якім дзеці называюць Рамзана Кадырава. У тэксце песні згадваецца шмат імёнаў блізкіх да Рамзана жанчын.
Пасля знаёмства з Кадыравым Таміла знайшла блізкага чалавека, што не спадабалася Рамзану. Жанчына была жорстка збітая і вельмі хутка знікла з эстрады. Нават яе відэа пастараліся прыбраць з інтэрнэту. Цяпер жанчына жыве за мяжою.
Аўтары сцвярджаюць, што ў кіраўніка Чачні чатыры жонкі. Гэта афіцыйная Медні Кадырава, а таксама Фаціма Хазуева, Амінат Ахмадава і Заміра (па пашпарце Індзіра) Джабраілава. Ад іх усіх Кадыраў мае дзяцей, маці якіх афіцыйна лічыцца Медні. На сёння 42-гадовая жанчына мае 14 дзяцей.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/wifes-1-sjvvs.jpg.webp)
У матэрыяле сцвярджаецца, што сапраўднай маці Адама Кадырава з'яўляецца Заміра (Індзіра) Джабраілава.
У 14 гадоў яна стала пераможцай адзінага ў гісторыі Чачні конкурсу прыгажосці, які праводзіўся ў 2006 годзе. Праз паўтара года яна нарадзіла Кадыраву сына, маці якога афіцыйна лічыцца Медні Кадырава.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/zamira-fn0gj.jpg.webp)
Другое месца на згаданым конкурсе прыгажосці заняла Фаціма Хазуева, якой, як і Заміры, на той момант было 14 гадоў. Калі праходзіў конкурс, дзяўчынка ўжо была цяжарная ад Рамзана. У канцы таго года яна нарадзіла сына Элі. Усяго ж у яе ад Кадырава чацвёра дзяцей.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/kadyrov_fam_ashura-6c9uw.jpg.webp)
Сваіх жонак Кадыраў забяспечыў асобнымі дамамі. Так, Амінат Ахматава, якая ў 2014 годзе нарадзіла яму сына Шэйх-Мухамада, якога традыцыйна прадстаўляюць як сына Медні Кадыравай, жыве недалёка ад рэзідэнцыі кіраўніка Чачні. У непасрэднай блізкасці ад рэзідэнцыі знаходзіцца і дом Фацімы Хазуевай.
Аўтары расследавання заўважаюць, што разам са сваім гарэмам Рамзан Кадыраў перыядычна адпачывае ў Дубаі. Там, як расказаў адзін з відавочцаў, наложніцы разам з Кадыравым гуляюць у «Мафію».
Каментары
Ответ: «Никах».