Дракахруст патлумачыў, чаму ў Беларусі пачалі шчаміць прарасійскія сілы
«Магчыма, зараз склалася нейкая канкрэтная сітуацыя, калі Лукашэнка адчуў нейкую небяспеку».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/lukashenka_2023_8-8iztj.jpg.webp)
У новым выпуску ТОКу палітолага Юрыя Дракахруста папрасілі патлумачыць прычыну таго, чаму рэжым Лукашэнкі пачаў шчаміць прарасійскія сілы. Напрыклад, на суткі кінулі прарасійскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву, быў закрыты тэлеграм-канал «Западнорусская Атлантида», які, як лічыцца, вёў прарасійскі палітолаг Усевалад Шымаў.
Як заўважае Дракахруст, «магчыма, улады ведаюць больш, чым мы з вамі», і нагадаў так званы «зліў папер Чарнова» з боку адміністрацыі Пуціна пра планы стварэння сеткі прарасійскіх СМІ і арганізацый, а таксама зліў «яшчэ адной стратэгічнай паперы адносна Беларусі».
«Такім чынам пра нас там (у Расіі — НН) не забываюць. І планы Пуціна 2002 года, калі ён прапаноўваў: «Давайце сямю губерніямі» (увойдзеце ў Расію — НН). Там памятаюць пра іх», — лічыць Дракахруст.
«Магчыма, зараз склалася нейкая канкрэтная сітуацыя, калі Лукашэнка адчуў нейкую небяспеку, і вырашыў іх крышачку прытармазіць. Магчыма, гэта нейкі ўнутраны імпульс пайшоў, бо мы бачылі, як на выбарах абсяклі крыльцы такім персанажам, як Бондарава, і іншым такога кшталту. Ва ўладу іх не пусцілі».
Чаму ж тады Лукашэнка дазволіў сёлета правесці Бессмяротны полк — акцыю, якую звычайна забараняў?
![Юрый Дракахруст Юрий Дракохруст Yuri Drakohrust](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/5-y77ld.jpg.webp)
На погляд палітолага, на рашэнне Лукашэнкі мог паўплываць «прамы ціск ці жаданне «давайце мы полк дазволім», бо полк — гэта не структура, не ўплыў. Полк прайшоў, сышоў і забыліся. А вось пранікненне розных людзей, розных агентаў уплыву — вось гэтага, зразумела, вельмі не хочацца, бо ўяўляецца небяспечным».
Як тлумачыць Дракахруст, нягледзячы на сумесныя з Расіяй эканамічныя праекты, тое, што прапаганда называе расійскія войскі сваімі, а сам Лукашэнка сустракаецца з Пушыліным (кіраўнік «ДНР»),
«ёсць перасцярога, што на мяккіх лапах «раз, два, тры», калі ўжо і на ўзроўні ідэалогіі і на ўзроўні цывільнага кіравання, а не проста войскаў высветліцца, а нашто нам Аляксандр Рыгоравіч? Ёсць бравыя генералы, якія любяць Расію. Можа быць так, як у свой час казаў Сталін Крупскай: «Мы ж можам знайсці іншую ўдаву Уладзіміра Ільіча».
А Лукашэнка, можа, гэта па фактах ведае, ці проста скурай адчувае. Таму лепш, каб такіх [прарасійскіх] людзей не было. Такім чынам паказвае, што нейкім чынам імкнецца кантраляваць тое, што яшчэ можа».
Глядзіце цалкам:
Каментары