Ва ўкраінскай сталіцы сёння ўначы разбурылі Уладзіміра-Вольгінскую капліцу Дзесяціннага манастыра. Знос падаюць як чарговы «адкрыты выклік украінскім праваслаўным хрысціянам». Разабраліся, вакол чаго скандал.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_05/__-___-yrmf9.jpg.webp)
Чытаючы паведамленні прапагандысцкіх рэсурсаў наконт гэтага зносу, можна заўважыць, што яны пішуць пра знос храма па патрабаванні ўкраінскага суда, але апускаюць акалічнасці з’яўлення самога храма.
Тут, на Кіеўскім дзяцінцы ў 989-996 гадах была выбудавана Дзесяцінная царква — першы кафедральны сабор на Русі. Месцам яе будаўніцтва стала месца смерці першамучанікаў Феадора Варага і яго сына Іаана, забітых мясцовымі язычнікамі, якіх падбухторылі вяшчуны. Сваю назву царква атрымала ад таго, што на яе ўтрыманне ішла дзесяціна княжацкіх даходаў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_05/1599px-____3-hzgp4.jpg.webp)
Храм некалькі разоў рэканструяваўся на працягу свайго існавання. Ужо ў сваім псеўдарускім абліччы старажытны помнік быў знесены пры савецкай уладзе ў 1928 годзе. Апошнія яго рэшткі разабраныя на цэглу ў 1936 годзе.
У 2006 годзе, праз 70 гадоў з моманту канчатковага знішчэння храма, тут паставілі вялікую тэнтавую васьмівугольную палатку, храм-скінію — каб адслужыць богаслужэнне Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_05/_-fqwrp.jpg.webp)
Пасля богаслужэння скінію, аднак, не прыбралі. Мясцовыя ўлады запатрабавалі яе прыбраць. Па-першае, гэта тэрыторыя помніка археалогіі нацыянальнага значэння. Па-другое, яна была перададзена ў карыстанне Нацыянальнага музея гісторыя Украіны і не прызначана для размяшчэння культавых збудаванняў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_05/_-u5zfp.jpg.webp)
Але ў УПЦ патрабаванні праігнаравалі, храм працягнуў дзейнічаць, пашырацца і абрастаць прадметамі культу. Так у тым жа годзе беларускі мітрапаліт Філарэт перадаў храму-палатцы спіс цудатворнага абраза Маці Божай Мінскай.
У наступным годзе праваслаўная царква, не маючы на гэта ніякага дазволу, пачала будаўніцтва драўлянага храма на месцы палаткі, які асвяціў украінскі мітрапаліт Уладзімір на імя роўнаапостальнага князя Уладзіміра і княгіні Вольгі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_05/_-____2008_-9x4s0.jpg.webp)
У 2009 годзе пры самавольна пабудаваным храме Сінод УПЦ прыняў рашэнне стварыць Дзесяцінны манастыр, намеснікам якога быў пастаўлены архімандрыт Гедэон (Харон).
Храм працягваў разбудоўвацца ў даўжыню. У 2011 годзе царква стала прадметам палітычных гульняў украінскіх палітыкаў. Былыя прэзідэнты Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка звярнуліся да дзейнага прэзідэнта Віктара Януковіча, каб спыніць будаўніцтва новага храма на падмурках старажытнага. У іх лісце падкрэслівалася, што такая самаўпэўненасць забудоўшчыка абурыла не толькі Кіеў, але і ўсю краіну.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_05/_-___-bwz4i.jpg.webp)
Януковіч, вядома, нічога супраць дзеянняў Маскоўскага патрыярхату не прадпрымаў.
У адказ на бяздзеянне ўладаў нехта ў снежні 2012 года падпаліў храм. Але і гэта не дапамагло — праз некалькі месяцаў самабуд аднавілі. Драўляны храм абклалі каменем, купал пакрылі меднай бляхай, фасады ўпрыгожылі залатымі крыжамі і разным дэкорам.
Новая ўкраінская ўлада таксама нічога не зрабіла, каб прыбраць незаконна ўзведзены будынак. За сваю дзейнасць у 2018 годзе архімандрыт Гедэон пайшоў на павышэнне — яго выбралі епіскапам Макараўскім.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_05/1600px-___-rxscl.jpg.webp)
Толькі ў лютым 2023 года, праз год з пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расіі, суд абавязаў Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату дэмантаваць незаконную пабудову. Але УПЦ зноў праігнаравала патрабаванні ўкраінскіх уладаў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_05/photo_2024-05-17133838-vq2kv.jpeg.webp)
У маі 2024 Нацыянальны музей гісторыі Украіны, на тэрыторыі якога царкоўнікі вялі незаконнае будаўніцтва, абвясціў збор сродкаў на дэмантаж храма. Грошы сабралі менш чым за суткі.
Уначы храм атачыла паліцыя і вайскоўцы, пасля будынак быў знесены бульдозерам, а яго рэшткі разам з начыннем вывезены грузавікамі на сметніцу. Каб разабрацца з парушэннем царкоўнікамі ўкраінскага закону, спатрэбілася амаль 20 гадоў і вайна.
Каментары