«Супраць нас ваююць не дэбілы». Дзяніс Урбановіч расказаў пра бой, у якім быў паранены
Дзяніс Урбановіч за паўтара года вайны пяць разоў быў паранены. Але збіраецца вярнуцца на фронт і пасля апошняга ранення, якое ён атрымаў у Кляшчэеўцы. У батальёне беларускіх добраахвотнікаў «Волат» 34-гадовы ваяр камандуе баявой групай. Праз дзесяць дзён пасля ранення ён ізноў пачаў чуць, і «Наша Ніва» распытала яго пра бой і сітуацыю на фронце.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_09/dzianisurbanovic_barada-xkbry.jpg.webp)
Дзяніс Урбановіч (яго пазыўны «Ваўкалак») кажа, што апошні раз быў паранены ў баі блізу сяла Кляшчэеўка на поўдзень ад горада Бахмута, калі ўзначаленая ім група штурмавала расійскія пазіцыі.
Праціўнік біў па падраздзяленні прамой наводкай гранатамётамі СПГ-9 з трох бакоў. Але ўсё роўна расійскія акопы былі захопленыя.
Бой пад Кляшчэеўкай адбыўся 10 верасня. Ніхто з групы Урбановіча не загінуў, аднак некалькі салдат, як і іх камандзір, былі параненыя.
Лідара «Маладога фронту» параніла, калі ўзмацніўся абстрэл адваяваных акопаў.
Аскепак снарада трапіў яму ў руку з унутранага боку побач з артэрыяй. Яму ўдалося спыніць кроў і застацца ў баі. Ад сур’ёзнейшых раненняў байца ўратавала амуніцыя. Дзякуючы ёй адзін з аскепкаў не прабіў капшука, а застаўся ў бронекамізэльцы. Ад яшчэ некалькіх засталіся драпіны і сінякі.
«Я ўжо думаў, што не выйду адтуль, — прызнаецца Дзяніс. — Думаў, што расіяне кінуцца на нашы пазіцыі і нас перастраляюць, але нам удалося адбіцца. Тых, каго кінулі нас атакаваць, мы знішчылі. Іх было з дзясятак. Пазіцыю мы ўтрымалі. Задачу выканалі. У групе былі беларусы з украінцамі».
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/paskodzanajazbrojaurbanovica-tzbu8.jpg.webp)
У шпіталі Урбановічу дыягнаставалі моцную кантузію. Яму парвала барабанную перапонку правага вуха, а левае аглушыла. Толькі праз тыдзень шпіталізацыі ваяр стаў чуць. Акрамя таго, ён працягвае залечваць аскепачнае раненне рукі.
«Кантузія ў мяне не першая, і вушы мае дужа нацярпеліся. Дактары сказалі, што трэба месяца паўтара мне быць у цішы. Ніякай страляніны, — расказвае Дзяніс. — Цяпер, можна сказаць, маё здароўе проста шыкоўнае. Стаў чуць. А раней знаходзіўся нібы ў вакууме. На руцэ рана зацягнулася. Дзірка будзе з палец, але нічога не паробіш. На левай руцэ ёсць, а цяпер будзе на правай».
Па словах Дзяніса, 21 верасня лекары дазволілі яму лячыцца ў хатніх умовах.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/hrupaurbanovica2-u5vqi.jpg.webp)
Урбановіч кажа, што вайсковае кіраўніцтва падзякавала яго групе за вызваленне 270 метраў украінскай тэрыторыі.
«Там мы ўжо прасунуліся на 500 метраў. За кожны метр даводзіцца дужа ваяваць. Напрыклад, за дом у Кляшчэеўцы маглі біцца тыдзень. І страты былі», — гаворыць Дзяніс.
17 верасня камандаванне Узброенымі сіламі Украіны афіцыйна паведаміла пра вызваленне Кляшчэеўкі, сяла на Бахмуцкім кірунку ў Данецкай вобласці.
34-гадовы ўраджэнец вёскі Міхалкавічы Лагойскага раёна Дзяніс Урбановіч за час вайны перажыў пяць раненняў. Пасля кожнага вяртаўся на фронт. Тое ж збіраецца зрабіць і гэтым разам.
Ён кажа, што яму не абавязкова знаходзіцца на перадавой. Як камандзіру групы батальёна «Волат», яму трэба размяркоўваць задачы сярод падначаленых і сачыць за іх выкананнем.
«У мяне камандзірскія функцыі, але іншым разам сітуацыя вымагае майго ўдзелу ў баі. У апошні я выйшаў, бо ён быў вельмі гарачым», — тлумачыць Дзяніс.
Ён адзначае, што цяпер больш часу будзе аддаваць навучанню папаўнення. Але ў выпадку неабходнасці пойдзе на перадавую не раздумваючы.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_09/zabityjarasijskijavajskoucypaslabojupadkliasceeukaj-au9lb.jpg.webp)
Дзяніс Урбановіч згадвае, што ў адваяваных акопах пад Кляшчэеўкай ляжала шмат забітых расійскіх салдат. Трупы ляжалі паўсюль. Стаяў невыносны смурод.
Па яго словах, сярод забітых былі вагнераўцы з батальёна «Штурм Z», якія падпісалі кантракты з Міністэрствам абароны Расіі, а таксама нямала мабілізаваных з «ДНР» і «ЛНР».
«Я б не сказаў, што супраць нас ваююць дэбілы, — падсумоўвае Дзяніс Урбановіч. — У іх разумна расстаўленыя пазіцыі. Калі ідуць у бой, то ведаюць, што робяць».
Расія напала на Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, 24 лютага 2022 года. За гэты час, баронячы Украіну, загінулі як мінімум 32 беларусы. Яшчэ двое трапілі ў палон. Усяго ў складзе ўкраінскай арміі ваююць некалькі соцень беларускіх добраахвотнікаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
ГУБАЗіК прыйшоў да бацькоў Дзяніса Урбановіча
«Сдохни, Путлер. Нет войне». Скарыназнаўца абвясціў вайну Расіі і беспакарана правёў першую дыверсію
Каментары
Денис ты крутейший чел и пример для многих и поэтому тебе нужно беречь себя,потому что в Беларуси таких как ты очень мало. И если для Беларуси когда-нибудь наступит будущее,то ты этой стране будешь очень нужен.
Жір, Ты !?
а ёп** дико изяняюсь, господа
мне б хоть немного хоть местами такого здоровья /