«Мы разумеем, якая цяпер складаная сітуацыя». Літоўская дыпламатка пра тое, чаго чакае ад беларусаў
Часовая павераная Літвы ў справах Беларусі Аста Андрыяўскене ўзяла ўдзел у анлайн-марафоне «Нам не ўсё адно!». «Мы паважаем людзей, якія змагаюцца за свабоду сваёй краіны», — адзначыла яна.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_07/shu-20220505img_2260-2-ybzha-9uj44.jpg.webp)
Дыпламатка цяпер знаходзіцца ў Вільні. Беларусь яна пакінула ў 2021 годзе разам з калегамі-дыпламатамі і больш не вярталася ў Мінск.
На марафоне салідарнасці Аста Андрыяўскене казала, што літоўскія дыпламаты на міжнародных сустрэчах пастаянна ўздымаюць пытанні па сітуацыі ў Беларусі, каб праблемы парушэння правоў чалавека і палітвязняў заставаліся актуальнымі.
Аста Андрыяўскене адзначыла, што ў літоўцаў таксама доўгая гісторыя барацьбы за незалежнасць. У кожнай сям’і ёсць родныя, якіх рэпрэсавалі, або наагул загінулыя ў барацьбе за свабоду краіны.
Яе ўразіла салідарнасць дэмакратычных сіл і незалежных медыя Беларусі.
«Мы разумеем, якая цяпер складаная сітуацыя ў Беларусі, і паважаем людзей, якія змагаюцца за свабоду. Для нас гонар удзельнічаць у марафоне і іх падтрымаць», — падкрэсліла дыпламатка.
Аста Андрыяўскене сказала, што самай вялікай дапамогаю Літве з боку беларусаў стала б тое, каб Беларусь была свабоднай, еўрапейскай і прадказальнай. Каб можна было праз яе лятаць самалётам і не баяцца, што яго пасадзяць. Што ў краіне не парушаюцца правы чалавека.
«Калі вы будзеце змагацца за сваю краіну, то гэта будзе нам дапамогаю. Але вы і так робіце ўсё цудоўна. Прынамсі я ўдзячная за ўзаемапаразуменне і супрацоўніцтва», — падсумавала дыпламатка.
Анлайн-марафон «Нам не ўсё адно!» праводзяць беларускія незалежныя медыя і праваабарончыя ініцыятывы, каб сабраць грошы для палітвязняў і іх сем’яў.
Ахвяраваць грошы можна па спасылцы: salidarnasc.com
Каментары