«Эпоха гарачых тураў скончылася». У турагенцтвах расказалі, дзе сёлета адпачываюць беларусы і за якія грошы
Сезон адпачынкаў у самым разгары, а значыць, ёсць час хутка выбраць тур за мяжу і пачаць збіраць чамадан. Выданне Myfin.by даведалася ў прадстаўнікоў беларускіх турыстычных агенцтваў, якія кірункі папулярныя сёлета, ці ёсць бюджэтныя варыянты для адпачынку і, вядома ж, у якую суму абыдзецца паездка.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_07/nicc0prsjz0k6mw5wlsiuslm30hx_ras-fijww.jpg.webp)
«60% ад агульнага аб'ёму продажаў займае Турцыя»
Юлія Барышчук, кіраўніца аддзела продажаў турыстычных паслуг «АлатанТур»:
«Калі турысты плануюць ляцець прамым рэйсам з Мінска, то спіс краін, дзе можна бюджэтна адпачыць, будзе наступным:
- Турцыя (ад 600 еўра),
- Егіпет (ад 850 даляраў),
- Грузія (ад 600 даляраў),
- ААЭ (ад 590 даляраў),
- Арменія (ад 700 даляраў),
- Азербайджан (ад 700 даляраў).
Сумы пазначаныя на аднаго чалавека.
Вядома ж, 60% ад агульнага аб'ёму продажаў тураў займае Турцыя. У гэтым сезоне турысты сталі актыўна браніраваць і паездкі ў еўрапейскія краіны з вылетамі з Літвы і Польшчы. А лідарам сярод іх, паводле звестак нашага агенцтва, з'яўляецца Грэцыя.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/dybgnbolm3qg1adnihkoy-ybbcg9nsrd-skd33.jpg.webp)
У гэтым сезоне турысты часцяком выбіраюць экзотыку з вылетамі з Масквы чартарнымі рэйсамі. Праўда, варта адзначыць, што ў такіх краінах лета лічыцца несезонам. Аднак дажджы ідуць рэдка, а цэны часцяком як у Турцыю.
Напрыклад, Шры-Ланка з Масквы будзе каштаваць ад 900 даляраў, а Куба — ад 1200 даляраў з разліку на аднаго чалавека. На Мальдывах у несезон гатэлі даюць вялікія зніжкі (да 40%) на пражыванне. У добры гатэль можна злётаць ад 2200 даляраў за аднаго турыста.
«На гарачых турах можна ашчадзіць максімум 20% ад кошту»
Попыт на туры ў гэтым сезоне сапраўды вялікі. Калі і разглядаць гарачыя туры, то з вылетамі з Масквы. Такім чынам можна ашчадзіць максімум 20% ад кошту тура.
Калі плануеце паехаць у адпачынак восенню ці зімой, то выбіраць тур неабходна ўжо цяпер. Калі не зрабіць гэтага ў ліпені-жніўні, будзе праблематычна знайсці прыемную па цане і добрую пуцёўку. Асабліва гэта тычыцца такіх напрамкаў, як Мальдывы і ААЭ.
Варта разумець, што пікавыя даты — гэта зімовыя канікулы і Новы год.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/x3hscgbw22u-cud5htvcz_rjh2cbzvkp-f8699.jpg.webp)
Тыя турысты, якія хочуць атрымаць уражанні, а не проста пляжны адпачынак, могуць паехаць у Стамбул і Кападокію. Нашым турыстам рэкамендуем ехаць туды восенню. Цана на такі тур будзе стартаваць ад 700 еўра на чалавека. Праўда, калі плануеце палётаць на паветраным шары, варта ўлічваць кошт — гэта абыйдзецца ў 200 еўра на чалавека.
Таксама бюджэтным варыянтам будуць аўтобусныя туры па Еўропе з наведваннем папулярных гарадоў. Цэны на іх — ад 400 еўра на чалавека».
«Аўтобусныя туры па бюджэце і якасці — адно з аптымальных рашэнняў»
Вольга Курманава, дырэктарка кампаніі ТАА «ТОП-ТУР т»:
«У гэтым сезоне павялічылася колькасць продажаў у кірунку ААЭ, якія сталі больш даступнымі ў цэнавай палітыцы для турыстаў, чым, да прыкладу, 3-4 гады таму.
Упэўненымі лідэрамі продажаў з'яўляюцца аўтобусныя туры ў Еўропу, бо з пункту гледжання бюджэту і якасці гэта адно з аптымальных рашэнняў для турыстаў, якія жадаюць атрымаць шэнгенскую візу і адпачыць на моры за адносна невялікую суму. Італія ў гэтым годзе папулярная сярод турыстаў. Напрыклад, да канца жніўня ў нашых аўтобусах ужо няма вольных месцаў.
Значна павялічана колькасць авіярэйсаў у гарады РФ. Адпачынак у Краснадарскім краі, Сочы і Анапе выбірае даволі вялікая колькасць турыстаў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/cyggblp_wfy8o9wgmlud2kpmj04mp2ck-7nmxf.jpg.webp)
Вядома, нельга не адзначыць абмежаванасць варыянтаў атрымання турыстычных шэнгенскіх віз, некаторыя краіны на дадзены момант іх проста не адкрываюць. Калі неабходная віза, мы рэкамендуем планаваць паездку не пазней, чым за 2-3 месяцы да пачатку падарожжа. Гэта дазволіць тураператару падаць спісы на візу ў амбасаду і атрымаць патрэбную колькасць слотаў. Сам працэс разгляду дакументаў складае ад 7 да 25 каляндарных дзён.
«За ўражаннямі — у круіз па рэках і Міжземным моры»
Па маіх назіраннях, эпоха гарачых тураў скончылася. Гэта было актуальна, калі для невялікай Беларусі быў празмернасць кірункаў. Яшчэ пару гадоў таму летам у адзін дзень магло ляцець 10 самалётаў у Турцыю, два ў Балгарыю, а таксама чартары ў Егіпет, Албанію, Іспанію, Грузію, Італію. Акрамя таго, актыўна выкарыстоўваліся аэрапорты суседніх краін: Расія, Літва, Польшча.
Натуральна, пры такой колькасці прапаноў многія тураператары неслі страты. Імкнучыся іх нівеліраваць, прадавалі туры значна ніжэй за сабекошт. Але на дадзены момант гарачы тур — гэта, хутчэй, адзінкавая прапанова на рынку. Пры выбары такой пуцёўкі турыст сутыкнецца з абмежаванымі прапановамі па гатэлях, тэрмінах тура, датаў вылету і колькасці чалавек.
Ранняе браніраванне (5-8 месяцаў да тура) — адзін з аптымальных і выгадных спосабаў планаваць свой адпачынак.
Па-першае, большасць сапраўды якасных гатэляў даюць зніжкі ранняга браніравання да 60% на пражыванне, дзейнічаюць акцыі 2+1, 2+2, калі дзеці жывуць бясплатна ў гатэлі.
Па-другое, ёсць магчымасць параўнаць розныя краіны і прапановы, выбраць прыдатныя даты і тэрміны тура.
Па-трэцяе, тураператары, як правіла, даюць растэрміноўку плацяжу на ранняе браніраванне.
Турыстам, якія хочуць яркіх уражанняў, я параіла б разгледзець нетрывіяльныя туры, да прыкладу, круізы па рэках Расіі на цеплаходах і марскія круізы па Міжземным моры. Калі браніраваць іх загадзя, то кошт каюты на дваіх можа скласці каля 1150 даляраў за 5-7 дзён адпачынку.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/rqwobzvnepuh3ieltpluwero8jqbhoor-xgj3t.jpg.webp)
Акрамя таго, шмат цікавых напрамкаў з зручнай лагістыкай з Мінска ва Узбекістан, Кыргызстан, Іран, Дагестан, Арменію, Грузію, а таксама вялікая колькасць бюджэтных аўтобусных тураў у Італію, Францыю і Венгрыю».
«Замест адпачынку на пляжы можна паехаць у гастратур»
Вольга Сарокіна, спецыялістка па турызме ТАА «Сакуб»:
«Для многіх турыстаў адпачынак асацыюецца з адпачынкам на моры. Самы бюджэтны варыянт для беларусаў у сезоне-2023 — гэта Грузія з вылетам з Мінска і Турцыя з Масквы. Вельмі добрыя цэны на ААЭ, таму, нягледзячы на высокую тэмпературу, дадзены кірунак у летні перыяд у прыярытэце ў нашых турыстаў.
Сярэдні чэк на такую пуцёўку — 2000 даляраў на дваіх за пакетны тур, які ўключае авіяпералёт, пражыванне, харчаванне, трансфер, медыцынскую страхоўку і паліўны збор.
Хачу адзначыць, што туры з вылетам з Масквы сталі нашмат больш выгадныя, таму нашы турысты пачалі звяртаць на іх увагу. Таксама вылятаць на адпачынак можна з Варшавы, Вільні, Каўнаса, Рыгі і іншых еўрапейскіх гарадоў.
«Ранняе браніраванне дазваляе ашчадзіць да 30% ад кошту пуцёўкі»
Многія любяць чакаць гарачыя туры. Але ці варта? Калі выбралі пуцёўку і ў ёй усё задавальняе, то адназначна варта браніраваць. Калі ж выходзіце за рамкі бюджэту ці не падабаецца прапанова, то можаце пачакаць гарачы тур. Аднак можна застацца ні з чым. Патрэбны гатэль можа быць перапоўнены, а авіябілеты проста адсутнічаць, бо ўсе раскупілі. У выніку проста застанецеся сядзець на сабраным чамадане або пераплаціць за не вельмі прыдатны тур.
Разумна планаваць свой адпачынак загадзя. Гэта магчымасць ашчадзіць да 30% ад кошту пуцёўкі. Напрыклад, такія напрамкі, як Мальдывы, Сейшэлы, Тайланд, Занзібар трэба браніраваць загадзя (нават за паўгода).
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/ks4gvkrdytwlq5kefxffkdyniwhbkzmp-qp6sa.jpg.webp)
Акрамя адпачынку на моры можна забраніраваць экскурсійныя туры. Гэта могуць быць авіятуры або аўтобусныя паездкі ў Еўропу. Іх кошт — ад 250 еўра на аднаго чалавека. Арменія, Азербайджан, Грузія, Расія — вельмі каларытныя напрамкі. Калі не хочацца традыцыйнага адпачынку на пляжы, можна паехаць, напрыклад, у гастратур».
«Сярод экзатычных краін карыстаецца попытам Малайзія»
Аліна Карповіч, дырэктарка Madera Travel і Travel HUB:
«Турцыю і Егіпет сёлета ўжо складана назваць бюджэтнымі. Напрыклад, кошт адпачынку ў Егіпце (прычым не ў самых лепшых гатэлях) стартуе ад 2000 даляраў і вышэй на дваіх. Рэйсы з Масквы будуць таннейшыя, але з Мінска самалёты лётаюць без такіх затрымак рэйсаў, як могуць быць у Расіі.
Сярод нашых турыстаў таксама папулярныя Грузія і Арменія. Гэтыя напрамкі выбіраюць яшчэ і па той прычыне, што не трэба атрымліваць візу.
Адзін з самых бюджэтных варыянтаў адпачынку ў гэтым сезоне — гэта ААЭ. Цэны могуць стартаваць ад 1200 даляраў (са сняданкамі), на ўсё ўключана — ад 2000 даляраў на дваіх. Праўда, летам у ААЭ вельмі горача, таму не кожны выбірае гэты адпачынак для сябе.
Калі гаворым пра Еўропу, то адразу ж неабходна падумаць аб атрыманні візы. І тут толькі два варыянты: альбо гатовая шэнгенская віза, альбо запас часу на яе адкрыццё. У асноўным выбіраюць для адпачынку Грэцыю, бо цяпер прасцей за ўсё атрымаць гэтую візу. Візы Італіі, Францыі, Германіі атрымаць будзе складаней за ўсё з-за адсутнасці слотаў для запісу ў амбасаду.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/xw-xmok0e_8eshjtujmbvtwo0e8ogviv-4vyb9.jpg.webp)
Калі хочацца паехаць не толькі на пляжны адпачынак, але і за ўражаннямі, можна разгледзець экскурсійныя або камбінаваныя туры. У такіх варыянтах пляжны адпачынак разводзіцца цікавай праграмай, каб паглядзець славутасці.
Калі ж пацягнула на экзотыку, то можна звярнуць увагу на Малайзію. У нас карыстаецца попытам Куала-Лумпур з востравам Лангкаві. Такі тур будзе каштаваць ад 1995 даляраў на чалавека».
«Аўтамабільныя страхоўкі пацягнулі на 250 еўра». Беларусы паехалі ў адпачынак у Чарнагорыю і ўляцелі ў капеечку
«Добры варыянт паляцець на Кіпр — набыць квіток ад 70 да 100 еўра». Як правесці адпачынак на Міжземным моры і не пайсці з торбай
Каб вандроўка не ператварылася ў сваркі: як паводзіць сябе, калі падарожнічаеш у кампаніі
Каментары