Ураджэнца Беларусі Арцёма Дубскага будуць судзіць у Польшчы за публічную абразу групы асоб па прыкмеце іх нацыянальнасці. Пра гэта паведамляе ў сацсетках польскі Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін. Прозвішча беларуса цалкам не называецца (толькі «Арцём Д.»), але з апісання і змешчанага фота зразумела, пра каго ідзе гаворка.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_12/318409063_516873127137327_2373298742071687282_n-orw2p.jpg.webp)
Адзначаецца, што беларус, які называў сябе «журналістам», неаднаразова публічна абражаў украінскіх бежанцаў, вітаў Пуціна і вайну, якую той вядзе супраць незалежнай Украіны.
«Калі ўкраінцы пратэставалі супраць пасла Расіі, Арцём Д. з'явіўся на месцы і крычаў на іх «фашысты» і «бандэраўцы». Расійскае і беларускае тэлебачанне ахвотна ўспрыняла гэта як «голас сапраўдных палякаў», — адзначаюць праваабаронцы.
Калі Дубскага арыштавалі за нявыплату штрафу, Беларускае тэлебачанне заявіла, нібыта журналіста караюць за крытыку дзейнасці дзяржаўных устаноў.
Пасля Арцём Дубскі неаднаразова праводзіў правакацыйныя акцыі ў дачыненні да Цэнтра маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін і дайшоў нават да пагрозы абліць кіслатой супрацоўніцу Цэнтра. Урэшце польскія праваабаронцы заявілі на яго ў паліцыю.
Арцём Дубскі жыве ў Польшчы з 2011 года і раней неаднаразова адзначаўся скандальнымі выказваннямі і дзеяннямі.
Каментары