Грамадства

«Пад галаву часам клала абутак, бо не мела ні падушкі, ні матраца». Інтэрв'ю з Наталляй Хершэ — пра калонію, мужа і непахіснасць

Пра сустрэчу з Робертам за кратамі, суседак, якія ўпотай куплялі ёй туалетную паперу, гомельскую калонію, што стала для яе кашмарам, і прынцыпы, ад якіх не адмовілася, пагутарылі з Наталляй Хершэ, якая 17 месяцаў правяла ў зняволенні.

Наталля Хершэ пакуль амаль не фатаграфуецца. Прызнаецца, што не прывыкла бачыць сябе такой.

«Мяне шакавалі туалеты ў Гомелі. Гэта прыніжэнне»

«Наша Ніва»: Як гэтыя паўтара года ў зняволенні змянілі вас?

Наталля Хершэ: Я лічу, што калі змены і ёсць, то ў станоўчы бок. Маё прыватнае жыццё стала для мяне больш ясным. Што тычыцца рэжыму, для мяне ён адкрыўся знутры, цяпер зразумелыя некаторыя механізмы, і я дагэтуль не прымірылася з імі. Але азлаблення ў мяне няма, ніколькі.

«НН»: Ці моцна гэта адбілася на здароўі?

НХ: Думаю, так. Мяне чакаюць у бліжэйшыя тыдні наведванні дактароў. Трэба абследаваць суставы ў назе, якія запаліліся, заняцца лячэннем скуры галавы. Але я дастаткова займалася спортам за кратамі, па паўгадзіны два разы на дзень. Таму я адчуваю сябе дастаткова добра. Канечне, варта заняцца сваім харчаваннем, больш пратэіну ўжываць, каб нарошчваць мышцы.

Я з задавальненнем цяпер снедаю. Гэта мой самы любімы прыём ежы за дзень. Мой класічны сняданак — аўсяная каша з арэхамі і ягадамі, цёплае яйка ўсмятку, апельсінавы сок, кава, тост з маслам, мяккім сырам і клубнічным джэмам. Даволі важкі сняданак атрымліваецца (усміхаецца).

«НН»: У магілёўскую турму вельмі рэдка трапляюць жанчыны. Што гэта за месца?

НХ: Я б не сказала, што яно было самым горшым.

Большы шок у мяне выклікала калонія. Я была шчаслівая, калі камісія агучыла, што мяне адпраўляюць у Магілёў, яшчэ не ведаючы, як там насамрэч. Я сказала ўсёй камісіі: «Вялікі вам дзякуй!»

Для мяне гэта было пазітыўна ў тым плане, што я пакідаю Гомель, дзе жыццё зняволенага насычанае вялікім стрэсам. Чалавек пастаўлены ў такія ўмовы, што яго арганізм 24 гадзіны на суткі знаходзіцца ў стрэсе. Нават калі ты спіш — ноччу праз кожныя дзве гадзіны заходзіць дзяжурны і лічыць людзей па ложках. Некаторыя пры гэтым уключалі святло.

Наталля Хершэ правяла ў зняволенні 17 месяцаў

У адным пакоі 28—30 спальных месцаў. Людзі абмежаваныя часам — увечары перад сном ты можаш або выпіць чай, або памыцца — выбірай. Абодва гэтыя дзеянні ты не паспееш выканаць.

Мяне шакавалі туалеты ў Гомелі. Гэта прыніжэнне. Восем унітазаў і няма дзвярэй. Ёсць пару месцаў, якія занавешваюцца, а астатнія не. Добра, што там стаіць перагародка паміж імі, але бывалі выпадкі, калі мы адна насупраць адной сядзім на гаршчку.

«НН»: Як выглядала камера ў Магілёве?

НХ: Было што параўноўваць — Валадарка, па сутнасці, тая ж турма, што і ў Магілёве. Адзінае, я лічыла, гэта з разраду люкс, што мяне пасялілі адну ў шасцімеснай камеры. Разглядаю гэта як пазітыўныя абставіны. У мяне было дастаткова часу, каб чытаць, займацца сваімі справамі. Я не павінна была працаваць.

Была рада, што нават самы маленькі з дворыкаў дазваляў займацца спортам — я бегала.

«НН»: Самы страшны дзень за кратамі — які?

НХ: ШІЗА — я сабе яго інакш уяўляла. У рэальнасці мне ніхто не збіраўся аказваць медыцынскую дапамогу ў той жа дзень, як я яе патрабавала, і наогул не было вядома, ці ты яе атрымаеш. Мне было страшна ў тыя моманты — што маё здароўе можа прыйсці ў такі стан, што спатрэбіцца больш сур’ёзнае ўмяшальніцтва.

«НН»: Як не звар’яцець за паўтары месяцы ў ШІЗА?

НХ: Я была цалкам паглыбленая ў свае думкі, перажыванні, мінулае і будучыню. Час ішоў ад сняданка да абеду, ад абеду да вячэры. Вельмі чакала світанку. 

Спаць было немагчыма, бо холадна, у цябе няма ні падушкі, ні матраца, толькі вафельны кухонны ручнік. Пад галаву я часам клала абутак, які там выдавалі. Але спаць ўсё адно было немагчыма, таму я займалася спортам. Калі ты сагрэешся за хвілін дваццаць, на столькі ж пасля можаш заснуць.

Пасля некалькіх дзён без нармальнага сну я днём аднойчы выключылася, упала і пабіла галаву аб нары. Апрытомнела на падлозе, ішла кроў. Дзяжурная мяне заўважыла, спытала, у чым справа. Выклікалі медыцынскі персанал. Мне апрацавалі рану… і завялі назад.

«Качанава са мной не сустракалася»

«НН»: Хадзілі чуткі, што ў гомельскую калонію да вас асабіста прыязджала Наталля Качанава. Ці праўда гэта? 

НХ: Са мной яна не сустракалася. Здаецца, перад маім ад’ездам у Магілёў яна прыязджала, але я толькі потым пачула пра гэта.

«НН»: А хтосьці з высокіх чыноўнікаў ці сілавікоў з вамі сустракаўся?

НХ: Пасля таго, як я на сустрэчы з амбасадарам апісала ўсё, што мне давялося перажыць, прыехаў прадстаўнік Генпракуратуры.

Гэты чалавек быў у масцы і паводзіў сябе вельмі нервова, увесь час яе наверх дзёргаў, баяўся, напэўна, што я яго запомню. Але я яго запомніла.

Ён калі зайшоў, кажа: «Асуджаная Хер…» І бачна, яго распірае ад жарту, які ён прыдумаў.

«НН»: Вам тройчы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Як гэта выглядала?

НХ: Першы раз якраз гэты прадстаўнік пракуратуры і прапанаваў. Але сказаў, што для памілавання трэба шыць форму.

Я яму з усмешкай адказала: «Забудзьцеся, не збіраюся пісаць, гэта не пра мяне наогул».

Прайшло некалькі дзён — прыязджае наступны пракурор па маёй скарзе. Дакладней, ён сказаў, што праязджаў міма. Ён апісваў маю будучыню: «Вы ведаеце, што вас адправяць у Магілёў у турму і вы выйдзеце праз дзесяць год, калі не будзеце слухацца?»

І ў канцы размовы намякнуў: «Чуў, што палітычныя могуць і не шыць форму, галоўнае, каб яны напісалі прашэнне аб памілаванні».

Пасля начальнік калоніі са мной размаўляў, начальнік аператыўнага аддзела спрабаваў пераканаць. Ён не разумеў: «У вас такія магчымасці выйсці на волю, у вас жа дзеці — чаму вы не хочаце?»

Я хацела на волю, кожны нармальны чалавек гэтага хацеў бы. Але мне асабіста было не ўсё роўна, якім чынам. Любой цаной — гэта не для мяне. Напісаць прашэнне — гэта раўназначна таму, каб здрадзіць самой сабе.

«НН»: Чаму вы настойліва адмаўляліся шыць форму сілавікам? У калоніі, дзе тваё выжыванне напрамую залежыць ад адміністрацыі, многія пагадзіліся б з тымі правіламі, проста каб захаваць сябе.

НХ: Рашэнне не шыць форму я прыняла задоўга да таго, як прыехала ў калонію. Я пра гэта абвясціла ў першы ж дзень пасля апеляцыйнага суда. Адмовілася, бо не збіралася сваёй працай служыць гэтай уладзе, пагаджацца з той хлуснёй, якую яна прапагандуе. Маё рашэнне было нязменным.

Тым больш, калі я адчула фізічнае недамаганне, знаходзячыся ў ШІЗА. Тады я ўжо наогул не бачыла сэнсу пагаджацца. То-бок ты трымалася такой пазіцыі, пасядзела дзесяць дзён у ШІЗА, і цяпер будзеш шыць форму? Атрымліваецца, ШІЗА цябе выправіла? Такога быць не можа! 

Тое, што я прайшла, гэта катаванні — я інакш гэта назваць не магу.

У адзін з дзён у перапынку паміж тэрмінамі ў ШІЗА ў зале праслухвалі перадачу на тэму псіхалагічнай трываласці. Там дыктар казаў, што ёсць выпадкі, калі чалавек не ламаецца і нягледзячы на тое, што пазіцыя, якой ён трымаецца, прыносіць яму фізічныя пакуты, ён стаіць на сваім. Я пачула і падумала: гэта ж пра мяне.

«Жанчыны з атрада набылі мне паперу і незаўважна кінулі ў мае рэчы»

«НН»: Як да вас ставіліся ў атрадзе?

НХ: Спачатку жанчыны не разумелі мяне. Бо адміністрацыя спрабавала праз іх паўплываць на мяне. Мяне пасялілі ў пакой з жанчынай, якая супрацоўнічала з аператыўнымі работнікамі калоніі і перадавала ім нашы размовы.

Яна спрабавала выклікаць у мяне фізічную агрэсію. Калі ў нас пачыналася спрэчка, падыходзіла да мяне твар да твару і крычала, разлічваючы, што я яе ўдару. Але я не ўступаю ў такія канфлікты.

«НН»: З кімсьці пасябраваць удалося?

НХ: Сяброўства там асабліва няма. Лепшыя адносіны, канечне, з паплечніцамі — Вольгай Класкоўскай, Кацяй Андрэевай. З Кацяй мы менш камунікавалі, бо яна пазней прыехала. 

Добрыя чалавечыя адносіны былі. Раскажу такую гісторыю. Калі я знаходзілася ў ШІЗА, у мяне заканчвалася туалетная папера. А ў калоніі туалетнай паперы выдаецца крыху на месяц кожнаму зняволенаму. Калі не хапае, трэба купляць самому. Але я сядзела ў ШІЗА і не мела магчымасці закупляцца.

Жанчыны з атрада набылі мне паперу і незаўважна кінулі ў мае рэчы. Адміністрацыя гэтага чакала. Яны пасля выклікалі гэтых дзвюх жанчын і пыталіся, чаму яны так зрабілі. У адной з іх было ўсяго тры рублі на рахунку.

Мне паперы хапіла. Але ў суседняй камеры сядзела дзяўчына, і я чула, як яна казала, што ў яе папера скончылася. Дзяжурная пазваніла ў атрад, папрасіла прынесці — аказалася, у той дзяўчыны больш няма. І ўсё.

Я праз сценку ўмяшалася: «Вы разумееце, што гэта прыніжэнне чалавечай годнасці?»

«Так, але што я магу зрабіць», — апраўдвалася дзяжурная.

«НН»: Да вас шмат лістоў дайшло?

НХ: Больш за ўсё даходзіла на Валадарцы. У калоніі — адзінкі. Мог быць тыдзень, што наогул ніводнага ліста не аддавалі, на наступны маглі два аддаць. У асноўным — ад блізкай сяброўкі і ад брата. Кола маіх карэспандэнтаў было вельмі абмежаваным.

Вельмі рэдка ліст ад выпадковага чалавека трапляў. Хаця я атрымала некалькі лістоў з Германіі. Часам мне аддавалі толькі пустыя канверты ці чыстыя паштоўкі, без саміх лістоў.

Аднойчы дайшоў ліст ад брата, дзе палова сказа была сцёртая брытвай. Але на прасвет я ўсё адно змагла прачытаць. Гэты ўчынак адміністрацыі мяне ў такое захапленне прывёў. Я напісала ўдзячнасць намесніку начальніка турмы, які быў старшынёй цэнзарнай камісіі, за павышэнне маёй самаацэнкі (усміхаецца). Маўляў, маёй карэспандэнцыі надаецца такая ўвага, што я палічыла сябе важным дзяржаўным дзеячам.

«Не ведаю, ці гатовая даць Роберту другі шанец»

«НН»: Вы расказвалі, што да вас у Гомель прыязджаў Роберт. Ці адбылося тое спатканне, яго пусцілі?

НХ: Так. Я думаю, адміністрацыя вырашыла выкарыстаць гэтую сустрэчу, ведаючы, што ён за тое, каб я напісала прашэнне аб памілаванні, каб магла хутчэй выйсці. Але яны ж яшчэ мяне не ведалі.

Я не вельмі хацела гэтай сустрэчы. Радавалася, канечне, але не ведала, як сябе буду адчуваць, калі ўбачу блізкага чалавека, а праз чатыры гадзіны яго зноў не будзе.

Але ўсё нармальна прайшло. Пасля гэтага я правяла час ў роздумах — што мне трэба ад адносін, узважыла ўсе за і супраць.

«НН»: Гэта было да ліста, дзе Роберт парваў з вамі?

НХ: Да ліста, у ліпені.

«НН»: Вы яшчэ верыце ў сапраўднае каханне?

НХ: Безумоўна, пра што гаворка (усміхаецца)! Каханне ёсць, і гэта самае галоўнае пачуцце ў жыцці чалавека. Любоў павінна прысутнічаць паўсюль.

«НН»: Вы Роберту гатовыя даць другі шанец?

НХ: Я не ведаю…

«Што значыць, дарэмная ахвяра? Такой думкі ў мяне не было»

«НН»: Што дапамагло вытрымаць усё, што вам выпала?

НХ: Мая вера. У магілёўскай турме я чытала духоўную літаратуру. Не хачу казаць, што я такая набожная, але вера заўсёды прысутнічала ў маім жыцці.

За кратамі я ўпершыню прачытала «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына. Гэта мяне вельмі ўразіла.

Пасля я ўсім прадстаўнікам адміністрацыі раіла: прачытайце, вы пазнаеце сябе. Наогул, мэта нашага грамадства — пераасэнсаваць гэтыя сто год і асудзіць калі не людзей, якія рабілі гэта, то іх учынкі. Толькі пасля гэтага наша грамадства ачысціцца. Інакш сітуацыя будзе паўтарацца.

«НН»: Ад каго ў вас такі характар?

НХ: Таксама ў сябе пытаюся. Думаю, нязломнасць — гэта ад таты, а бясстрашша — ад мамы.

«НН»: Вы пасля выбараў былі ў роднай Оршы. Якім гэты горад пабачылі?

НХ: У мяне ён шмат радасці не выклікаў. Я не заўважыла нічога такога, што адбывалася ў Мінску. Можа, таму што была там усяго адзін дзень.

«НН»: Ці шкадуеце, што вашы паўтара года прайшлі так? Пратэстаў больш няма, ні новых выбараў, ні судоў над сілавікамі, якія чынілі гвалт, не адбылося. Ці закрадалася думка, што ваша ахвяра — дарэмная?

НХ: Такой думкі ў мяне не было. Што значыць, дарэмная? Усё мае сувязь. Дакладна, для мяне як для асобы гэта не дарма — я шмат чаго адкрыла для сябе, перагледзела жыццё.

Наўрад ці на волі ў мяне хапіла б столькі часу і ход маіх думак развіваўся б так, як было ў гэтыя сямнаццаць месяцаў. А ў плане карысці для агульнай справы… Я, канечне, была адрэзаная ад навін, але мне здаецца, наступствы майго ўчынку застануцца.

Чытайце яшчэ:

Наталля Хершэ: Цяпер я больш за ўсё на свеце радуюся ванне

«У аэрапорт прывезлі ў турэмнай робе». Брат палітзняволенай Хершэ пра яе вызваленне

«У мяне ўжо гэта адбалела». Палітзняволеная Наталля Хершэ — пра разрыў адносін з мужам

«У Швейцарыі ў яе было цудоўнае жыццё, але яна лічыла, што цяпер мусіць быць на радзіме». Хто такая Наталля Хершэ, якую пасадзілі за сарваную балаклаву

Наталля Хершэ, асуджаная за сарваную балаклаву, паўтара месяца правяла ў ШІЗА

Каментары

СК адрэагаваў на данос Ціманоўскай і будзе правяраць яе былога мужа на «экстрэмізм»26

СК адрэагаваў на данос Ціманоўскай і будзе правяраць яе былога мужа на «экстрэмізм»

Усе навіны →
Усе навіны

У абмен на Марка Фогеля амерыканцы перададуць Расіі Аляксандра Вінніка

«Пракурор сказаў, што мне трэба пакінуць Беларусь». Былая палітзняволеная Алена Маўшук расказала пра ўмовы свайго вызвалення6

Пры спрыянні ЗША вызвалілі шматдзетную Алену Маўшук — санітарку бальніцы, якая на пратэстах у Пінску ўдарыла калом па сілавіках6

Пасля размовы з Пуціным Трамп пагаварыў з Зяленскім5

Трамп расказаў пра размову з Пуціным і назваў людзей, якія ўзначаляць перамовы з Расіяй33

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы высокапастаўлены губазікавец Ціхіня, якога абвінавачвалі ў карупцыі2

Амерыканцы забралі з беларускай турмы журналіста Андрэя Кузнечыка і яшчэ двух палітзняволеных20

«За $50 тысяч ніхто не купіць». Беларускі электракар буксуе: запуск у серыйную вытворчасць зноў перанеслі4

Лукашэнка раздаў генеральскія званні пяці вайскоўцам. Вось што пра іх вядома7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК адрэагаваў на данос Ціманоўскай і будзе правяраць яе былога мужа на «экстрэмізм»26

СК адрэагаваў на данос Ціманоўскай і будзе правяраць яе былога мужа на «экстрэмізм»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць