Здарэнні4242

«Усіх мужчын закрылі, пасёлак стаіць пусты!» — пасля забойства даішніка ў Магілёве міліцыя масава затрымлівала цыганоў РЭПАРТАЖ

На трасе М4 працягвае стаяць міліцыя, на пад’ездзе да Магілёва і на некаторых скрыжаваннях дзяжураць байцы ў шлемах. Працягваецца пошук таямнічай чорнай «Волгі», на якой невядомыя скралі інспектара ДАІ вечарам 16 мая. Ноччу 22-гадовага міліцыянта Яўгена Патаповіча знайшлі забітым у лесе.

Кажуць, што апошні раз Патаповіча бачылі ў магілёўскім раёне Чапаеўка. Там ён ці то сам сеў у тую «Волгу», ці то яго туды запхнулі. У «Волзе» былі ці то цыгане, ці то асобы каўказскай нацыянальнасці. Мясцовыя схіляюцца да першай версіі, бо Чапаеўка — адзін з двух цыганскіх раёнаў Магілёва, другі — Грабянёва. І ў абодвух раёнах ноччу прайшлі сапраўдныя зачысткі, кажуць мясцовыя жыхары.

Чапаеўка — гэта вялікі прыватны сектар непадалёк ад вакзала. Яна фактычна падзеленая на дзве паловы. У адной жывуць беларусы, у другой, праз вуліцу, — цыганы.

Цяпер у Чапаеўцы ціха, з вокнаў невысокіх абдзёртых дамкоў насцярожана паглядваюць смуглыя жанчыны. На размову пагаджаюцца, але просяць не фатаграфаваць іх — баяцца праблем:

«Не здымайце, бо нас зусім тады задзяўбуць. Нам і так тут жыцця няма».

Жанчыны кажуць: ноччу ў Чапаеўку прыехала міліцыя. Забралі ўсіх.

«Да нас прыехалі міліцыянты. У масках, са зброяй, з аўтаматамі. Забралі мяне, майго непаўналетняга сына. Яго забралі на допыт аднаго — а на гэта ж міліцыя не мае права. Мяне да сына не пусцілі. Я пачала крычаць, пагражаць, што знайду адваката, — расказвае адна з жанчын. Называецца Вольгай. — Я дабілася, каб міліцыя яму выклікала таксі і адправіла дадому. Гэта было каля паловы на трэцюю ночы!»

Сям’я ў Вольгі традыцыйна вялікая. У адным невялікім старым доме жыве 14 чалавек.

«Я, маці, мой брат, дзве нявесткі, мая пляменніца…» — пералічвае Вольга жыхароў дома.

Такіх сямей у Чапаеўцы каля трыццаці. Ва ўсіх па 10—15 чалавек.

Жанчына кажа, што міліцыя забірала ўсіх паўналетніх мужчын, некаторых падлеткаў і большасць жанчын. У хатах пакінулі толькі старых і жанчын з малымі дзецьмі. Прычым не толькі ў яе. Вольга запэўнівае, што маштабная зачыстка прайшла сярод цыганоў ва ўсёй Чапаеўцы.

 «У нас з 14 чалавек забралі 10. Па ўсёй Чапаеўцы забралі чалавек 40 мужчын і прыкладна столькі ж жанчын. Жанчын адпусцілі каля 4-й ночы. А тут жа ўсе працуюць, людзям раніцай на працу! — абураецца Вольга. — Мужчын пакінулі пад вартай. Майго старога дзядзьку збілі. Сказалі, што адправілі ў бальніцу».

Дапытвалі і саму Вольгу.

«Пыталіся, дзе мы былі, што бачылі. У суседзяў было свята, яны гулялі два дні — сын вызваліўся. Была п’янка. У нас пыталіся, ці бачылі мы, каб да іх пад’язджала такая машына? — распавядае Вольга. — Я кажу: каб бачыла, штосьці сказала б, бо любога чалавека шкада».

Вольга пацвярджае, у цыганскіх сем’ях хапае тых, хто сядзеў. Але хапае і тых, хто працуе.

«Паўсюль ёсць вырадкі! І сярод цыган, і сярод рускіх!» — дадае іншая жанчына, Алеся.

«Нашых вы ціснеце. А вашы дзяцей сваіх гвалцяць. Людзей рэжуць. Тут маньяк завёўся, у Казіміраўцы, год таму, жанчын патрашыў», — абураецца Вольга.

«А цыганоў робяць вінаватымі. Чаму гэта менавіта цыганы, можа, гэта чалавек быў іншай нацыянальнасці? — кажа Алеся. — Я лічу, што гэта канец свету. Я са сваімі трыма дзецьмі цяпер баюся ісці праз лес. Мне трэба было ўначы выйсці па малако, я ўбачыла АМАП і нікуды не пайшла. Дзіця малое было без малака ўсю ноч».

Жанчыны кажуць, што зачыстка прайшла і сярод цыганоў, якія жывуць у Грабянёве. Там таксама міліцыя забрала мужчын. Па словах жанчын, грабянёўскіх мужчын адпусцілі. Мужчын з Чапаеўкі пакінулі пад вартай. Меркавана, на трое сутак, але жанчыны лічаць інакш.

«Сказалі, што будуць пад вартай, пакуль мы не знойдзем [забойцаў], пакуль не паведамім, хто гэта быў», — кажа Вольга.

«Усіх мужчын закрылі, стаіць наш пасёлак пусты», — крычыць старая жанчына. Кажа, яе завуць Святланай.

«А што міліцыя чула, ведала, хто там быў? Гэта ўсё выдумкі! Яны захацелі ўсё на цыганоў зваліць, вось і валяць! А тых, вінаватых, не знойдуць ужо, вось убачыце. За нейкую х**ню яны б хутчэй знайшлі, а за гэта — не знойдуць. Калі тыя людзі падаліся на Расію, то хрэн іх знойдзеш!» — абураецца Святлана. Яна кажа, што ў яе ў міліцыю забралі ўнука.

«Гэта зусім, хоць ты бяры і вешайся! Хоць вы спаліце гэтыя дамы і бяжыце куды вочы глядзяць!» — працягвае крычаць Святлана.

Машыны на расійскіх нумарах прыганяюць мясцовыя хлопцы на перапродаж. Але «Волгі» не бачылі, кажуць жанчыны. Ды і калі да кагосьці прыязджаюць госці, то ўсе пра гэта ведаюць.

«Мы ж усе свае. Каб нейкія сваякі з Расіі завіталі да суседзяў, увесь пасёлак бы ведаў, — кажа Алеся. — Я б сама сказала пра гэта міліцыянтам! Але ніхто не прыязджаў!»

Алесю падтрымлівае і пажылая Святлана.

«Хто б пра такога эсэсаўца маўчаў, хто б яго хаваў!? Каб яго рак растачыў, таго, хто тое зрабіў з маладым хлопцам, — праклінае забойцу старая. — Каб рукі адсохлі!»

За Чапаеўкай і так пільна сочыць міліцыя, кажуць жанчыны. Новых гасцей заўважылі б і самі сілавікі.

«Тут кожны тыдзень катаецца міліцыя, АМАП, крымінальны вышук. Пастаянна ў нашых адкатваюць пальчыкі! Проста бяруць і адкатваюць усіх цыганоў, усіх чорных. Кожны раз перапісы праводзяць, фатаграфуюць нашы машыны, — кажа Алеся. — Калі штосьці здараецца, то адразу прыходзяць да нас. Усе і ўсё на кантролі».

У Грабянёве, іншым цыганскім раёне, прадстаўнікі дыяспары таксама запэўніваюць: ноччу была міліцыя, затрымлівалі ўсіх. Кажуць, што забіралі і старых, і непаўналетніх, трымалі да ночы.

«Спачатку забралі мужа, пасля яшчэ раз прыехалі, ўзялі мяне і нявестку. Трымалі да ночы», — кажа адна з жанчын.

Па яе словах, агулам затрымалі 150 «грабянёўскіх» цыганоў. Большасць адпусцілі, але частка мясцовых мужчын нібыта яшчэ пад вартай.

Праўда, муж жанчыны, адзін з тых затрыманых, адказвае як па пісаным:

«Міліцыянты паводзілі сябе з намі нармальна, не затрымлівалі, а запрасілі ветліва праехаць з імі, я пагадзіўся. Усё было нармальна, такая ў іх праца, праблем не бачу. Ніхто нікога не біў».

У вялікім замку ў Грабянёве жыве сям’я мясцовага барона. Той цяпер у Мінску ў бальніцы, таму функцыі выконвае яго малодшы брат Леанід Казіміраў.

«Я быў у міліцыі толькі што. Мяне не затрымлівалі, запрасілі, каб я прыехаў пагаварыць. Міліцыя кажа, што ў паведамленні супрацоўніка ДАІ было ўказана, што гэта зрабілі цыганы. Але гэта на дадзены момант нічым не пацвярджаецца, — кажа Леанід Казіміраў. — Я цяпер буду збіраць людзей, высвятляць, ці хтосьці штосьці ведае, хто чым можа дапамагчы.

Праз пару гадзін паеду ізноў у міліцыю размаўляць. Уначы размаўляў з міліцэйскім начальствам, тут быў намеснік міністра ўнутраных спраў. Я паабяцаў максімальна дапамагчы».

Леанід Казіміраў

Казіміраў пацвердзіў, што затрыманні ноччу былі.

«Агулам цяпер пад вартай каля сотні чалавек, але іх дапытваюць і адпускаюць. Я не бачу ў гэтым нічога страшнага. Усё ж было забойства, гэта трагедыя», — сказаў Казіміраў.

«Ідзе планавая работа ў рамках крымінальнай справы, ніякай надзвычайшчыны ў дачыненні да мясцовых жыхароў няма», — пракаментавала сітуацыю афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Каментары42

«Горш за Мюнхен». Рэакцыя еўрапейскіх палітыкаў на заявы Трампа аб перамовах з Пуціным35

«Горш за Мюнхен». Рэакцыя еўрапейскіх палітыкаў на заявы Трампа аб перамовах з Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

Мукавозчык: Бондарава задрала ўжо12

Чаму 2024 год у знешнім гандлі стаў нашмат горшым за папярэдні?

Просты мінскі зваршчык выйграў тры мільёны рублёў. Вось на што ён патраціць грошы6

Сілавікі пішуць беларусам пад выглядам службы Bysol7

Стала вядома, хто той куратар КДБ, які прапаноўваў ляхавіцкай настаўніцы даносіць на калег3

Вайсковы бюджэт Расіі перавысіў агульныя выдаткі на абарону ўсіх краін Еўропы12

Камедыя ў Расіі: мэр выпадкова прайграў выбары жонцы свайго кіроўцы. Цяпер спарынг-партнёрка аспрэчвае ў судзе сваю ж перамогу

Ва Украіне расказалі, колькі там цяпер насельніцтва3

«Вы не з заходняй Украіны?» Кірыл высмеяў святара, які сказаў, што Царква павінна займацца верай, а не патрыятызмам16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Горш за Мюнхен». Рэакцыя еўрапейскіх палітыкаў на заявы Трампа аб перамовах з Пуціным35

«Горш за Мюнхен». Рэакцыя еўрапейскіх палітыкаў на заявы Трампа аб перамовах з Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць