Адхілены ад службы Аляксандр Шрамко намуляў царкоўным уладам яшчэ ў 2006-м: епархія апублікавала дакументы
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2018_10/szramko3_181016-53azp.jpg.webp)
Мінская епархія БПЦ выклала на сваім сайце вялізны тэкст-выпіску з унутраных дакументаў, якія датычаць асобы святара Аляксандра Шрамко.
Айца Шрамко на год адхілілі ад права службы, на думку грамадства, за вострыя допісы пра норавы маскоўскага патрыярха Кірыла падчас ягонага візіту ў Мінск.
Відаць, каб паказаць, што допіс пра патрыярха — гэта не каталізатар пакарання, а толькі апошняя кропля, выстаўленыя гэтыя дакументы.
У іх вядзецца гаворка пра тое, што асоба айца Аляксандра абмяркоўвалася на епархіальных сходах яшчэ пры мітрапаліце Філарэце.
Яшчэ ў 2006-м яго «заклікалі спыніць сваю публіцыстычную дзейнасць як у пазацаркоўных, так і царкоўных СМІ, закрыць свой сайт і засяродзіцца на пастырскім служэнні», у адваротным выпадку — царкоўны суд.
«Нягледзячы на тое, што на пратаколе стаіць уласны подпіс іерэя Аляксандра Шрамко аб знаёмстве з рэзалюцыяй Епархіальнай рады ад 15.09.2006 года, ён не прыслухаўся і ў лютым 2007 года аднавіў сваю правакацыйную публіцыстычную дзейнасць», — паведамляе сайт епархіі.
Маўляў, яшчэ мітрапаліт Філарэт адхіліў яго ад служэння амаль на два гады — да пачатку 2009-га.
Потым Шрамко прынёс пакаянне.
Далей апісваюцца цяжкія адносіны між Шрамко і мітрапалітам Паўлам, якія, па выніку, выліліся ў тлумачальную, у якой Шрамко паабяцаў «утрымлівацца ад размяшчэння у публічнай сферы сваіх меркаванняў і артыкулаў, а таксама не даваць інтэрв'ю без дабраслаўлення».
Маўляў, шматлікіх парушэнняў такога абяцання ў царкве цярпець і не сталі.
Мы папрасілі Аляксандра Шрамка пракаментаваць выкладзеныя факты.
Найперш, той не згодны з азначэннем «правакатыўнасці» сваіх допісаў: «Гэта выключна іхнія ацэнкі», — кажа ён.
Пры гэтым святар пагаджаецца, што парушыў абяцанне не пісаць нічога без вышэйшага дабраслаўлення.
«Гэта я парушыў, сапраўды. Але калі мяне пачалі прэсаваць, маўляў: «Давай тое падпішаш, давай тое»… Калі ты ўжо падпісаў нешта адно, то, здаецца, чаго каштуе падпісаць яшчэ нешта? Калі ўжо і так запляміўся, як кажуць. Таму я і падпісваў. Але калі я ўбачыў, што царква ідзе не па тым шляху, што людзі абураюцца…. Я вырашыў, што час усё ж такі ўзнавіць публіцыстычную дзейнасць», — тлумачыць Шрамко.
Але ці не здаецца яму, што, з улікам такой бамбардзіроўкі ягонай асобы Епархіяй, зваротнай дарогі можа не быць?
«Канечне можа і не быць. Я ж не разлічваю на зваротную дарогу, іначай мы б не размаўлялі. Толькі калі я сціхну і буду сядзець, адмоўлюся ад усяго, усё выдалю, а потым прыду да іх і упаду на калені… а потым мяне яшчэ, як ката, некалькі разоў носам патыркаюць… А потым яшчэ і паставяць такія ўмовы, што да канца жыцця буду іх выконваць. Сэнс ёсць у гэтым? Два гады адхілення пры Філарэце я неяк перажыў. Бо тады я хацеў вярнуцца, я сапраўды стрымліваўся, пісаў пад псеўданімамі. А цяпер… Я прайшоў ужо праз пакаянне і разумею, што, з улікам маёй біяграфіі, на гэты раз будзе больш жорстка. А я сталы чалавек ужо, што я тут буду…», — падсумаваў Шрамко.
Каментары