Стась Карпаў агаломшаны «Тутэйшымі» ад купалаўцаў: Ніколі не пляскаў так доўга
Стась Карпаў падзяліўся ўражаннямі пра «Тутэйшых», адроджаных купалаўцамі.
Вы запрошаныя на адкрытую рэпетыцыю праекта «Тутэйшыя». Гэта не прэм’ера, мы пакуль што з галавою ў працы — і гэтым творчым працэсам прагнем падзяліцца з вамі. Каб усё атрымалася, мы вельмі просім вас зразумець і прыняць наступныя правілы.
Першае правіла Байцоўскага клуба? Правільна: не казаць нікому пра Байцоўскі клуб. Чым менш людзей ведаюць яўкі і паролі, тым большая верагоднасць дабрацца да прэм’еры бяспечна…
Так у 2020 годзе пачыналася запрашэнне наведаць перадпаказ самай вядомай у Беларусі тэатральнай трупы. Сталіца нашай Радзімы.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_10/tuteyshyya_20200925_bur_tutby_phsl-9618-tuik6.jpg.webp)
Так.
Я не тэатральны крытык, узровень маёй падрыхтоўкі для ацэнкі ўбачанага — сярэдні па беларускай палаце. Таму я не буду заглыбляцца ў нюансы, якіх я не ведаю і тонкасці, у якіх не разбіраюся.
Хутка вы прачытаеце яшчэ некалькі дзясяткаў рэцэнзій — і там будзе ўсё. Я ўпэўнены.
Не буду спыняцца на гульні акцёраў. Мне не хочацца пісаць «бліскучай гульні», бо бліскучасць — гэта проста як бы нейкая прафесійнасць, так? «Бліскучасць» — гэта такое бяздушнае азначэнне ўзроўню рамесніцтва.
Тое, што я ўбачыў, — іншае.
Так. Былі некаторыя хібы, былі ролі больш слабыя, былі моманты пераігрывання. Але ў цэлым — гэта не проста неймаверна прафесійна зроблена, але болей за тое — асабіста пражытае.
Я разумею, што павінен сказаць болей пра знешні бок.
Я павінен згадаць пра тое, як Пінігін з сумам расказваў, што яны рыхтавалі спектакль да восені, і сумна ўсміхаўся, што «па тэхнічных прычынах» прэм’ера не адбылася. Што купалаўцы не змаглі забраць дэкарацыі і таму гэты спектакль без дэкарацый.
Што яны не змаглі забраць касцюмы і таму спектакль касцюміраваны па прынцыпе «як змаглі».
Але «людзі — рабы сваіх рэчаў» — так сказаў герой «Байцоўскага клуба». І купалаўцы абышліся без рэчаў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_10/tuteyshyya_20200925_bur_tutby_phsl-9191-b7o65.jpg.webp)
Сядзець у цёмнай зале ў абстаноўцы строгай сакрэтнасці, назіраць за акцёрамі знішчанага тэатра, якія граюць твор знішчанага паэта пра нацыю, якую бясконца знішчаюць, — гэта не проста нейкі закальцаваны досвед — гэта трайны тулуп.
Адабраны тэатр, адабраная краіна.
Тут бы паставіць кропку і пайсці займацца сваімі справамі.
Але «толькі страціўшы усё, людзі становяцца вольнымі», — сказаў той жа персанаж таго ж твора.
Тутэйшыя, за якіх так перажываў Купала, не зніклі.
І яны больш не называюць сябе тутэйшымі, Іван Дамінікавіч. Яны — Беларусы. Яны лепшыя за Янку Здольніка. І іх — мільёны.
Яны крычаць «Жыве Беларусь», нягледзячы на тое, што іх б’юць гарадавыя, і не зважаючы на тое, што пра іх падвываюць «усходнія вучоныя».
Купалаўцы без тэатра, без касцюмаў, без дэкарацый — усё тыя ж купалаўцы.
Яны нікуды не падзеліся. Можна з нічога стварыць штосьці. Але гэтае штосьці нельга ператварыць у нішто.
Такі парадокс.
Звычайна напрыканцы прынята казаць пра актуальнасць.
Гэты спектакль актуальны тым, што актуальны не цалкам.
Мы бачым, як шмат зроблена Купалам і яго наступнікамі для таго, каб калектыўны Мікіта Зносак не мог паблажліва казаць беларусам, што яны прыдуманы палякамі. Мы бачым, што ад Масквы да Таронта беларусы дастаюць свае сцягі.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_10/tuteyshyya_20200925_bur_tutby_phsl-9649-60cgd.jpg.webp)
Мы бачым, што «ўсходні вучоны», які ў пастаноўцы заменены «ўсходнім журналістам» — не змяніўся за 100 гадоў, а заходні змяніўся моцна.
Мы бачым, што Янка Здольнік — не адзін і яму не трэба сіратліва бадзяцца па вёсках, каб будзіць народны дух.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_10/tuteyshyya_20200925_bur_tutby_phsl-9593-ih3od.jpg.webp)
Што я адчуў? Што я магу сказаць пра гэты спектакль.
Я магу сказаць, што ніколі не пляскаў так доўга.
Гэты спектакль — чысты крык, бо як тым было ў «Клубе»? «Калі ў цябе ў роце ствол пісталета — ты можаш гаварыць толькі галоснымі».
П.С. «Тутэйшых» няможна будзе паглядзець на вялікай сцэне.
Купалаўцам забараняюць праводзіць нават творчыя вечары і прадаваць білеты.
Неўзабаве гэтая пастаноўка выйдзе ў запісе, і вы зможаце яе паглядзець дома. Таму падпісвайцеся на сацсеткі трупы. Напрыклад, на kupalaucy у facebook.
А яшчэ, калі ваша арганізацыя можа правесці такое мерапрыемства і мае для гэтага памяшканне, то вы можаце запрасіць купалаўцаў да сябе. Паверце, убачыць гэта ўжывую — найлепшы падарунак, які вы можаце зрабіць сабе, блізкім і сябрам.
Купалаўскі тэатр — болей не каля метро. Купалаўскі тэатр там, дзе мы ёсць.
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары