Вярхоўны суд ЗША адмяніў пастанову, якая гарантавала права на аборт. Байдэн назваў рашэнне «трагічнай памылкай», у буйных гарадах пачаліся пратэсты
Вярхоўны суд ЗША адмяніў пастанову 50-гадовай даўніны, якая легалізавала права на аборты па ўсёй краіне. Хутчэй за ўсё гэта прывядзе да забароны перарывання цяжарнасці ў штатах, якімі кіруюць рэспубліканцы.
У 1973 годзе было прынятае гістарычнае рашэнне аб законнасці абортаў, згодна з якім права на непарушнасць прыватнага жыцця ў адпаведнасці з Канстытуцыяй ЗША абараняла магчымасць жанчыны спыніць цяжарнасць.
Хрысціянскія кансерватары і многія рэспубліканцы даўно выступалі за адмену гэтага рашэння, а Дональд Трамп падчас выбарчай кампаніі 2016 года паабяцаў прывесці сваіх прызначэнцаў у Вярхоўны суд, якія выканаюць гэтую задачу. Падчас знаходжання на пасадзе прэзідэнта, ён змог прызначыць трох суддзяў, змяніўшы баланс на карысць кансерватараў. Як і чакалася, усе яны прагаласавалі ў за забарону абортаў.
Суд прыйшоў да высновы, што рашэнне 1973 года было памылковым, бо ў амерыканскай канстытуцыі не прапісанае права на аборты, такім чынам падтрымаўшы закон Місісіпі, які забараняе спыняць цяжарнасць пасля 15-га тыдня.
Чакаецца, што гэта рашэнне будзе прынятае ў палове штатаў ЗША і закране каля 36 мільёнаў жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн раскрытыкаваў рашэнне Вярхоўнага суда і заклікаў Кангрэс замацаваць права на аборт на федэральным ўзроўні.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_06/biden-abortion-gty-rc-220624_1656089140305_hpmain_16x9_992-n2dqn.jpg.webp)
Байдэн назваў рашэнне суда «трагічнай памылкай», якое перакуліла шалі правасуддзя і пазбавіла жанчын фундаментальных правоў у ЗША.
Пасля таго, як стала вядома пра адмену права на аборт, у буйных гарадах ЗША пачаліся акцыі пратэсту. Некаторыя выліліся ва ўжыванне слезацечнага газу і беспарадкаў.
![](http://dj97ou90w5f1d.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_06/220624124845-06b-roe-wade-overturned-0624-exlarge-169-wc8sf.jpg.webp)
Каментары