Акадэмія навук Літвы выдала кнігу «Рускай Бібліі» Францыска Скарыны — 500 гадоў» («Pranciškaus Skorinos «Rusėniškajai Biblijai» — 500»).
Насамрэч беларускі першадрукар не меў вусоў, як доўгі час меркавалі навукоўцы.
Тое, што на знакамітым гравюрным партрэце лічылі вусамі, насамрэч — цень ад носу, выявілі чэшскія навукоўцы Ілья Лемешкін і Пётр Войт.
Іх дасканалы аналіз гравюр Скарыны змешчаны ў кнізе «Рускай Бібліі» Францыска Скарыны — 500 гадоў» («Pranciškaus Skorinos «Rusėniškajai Biblijai» — 500»), якая нядаўна выйшла з друку.
Навукова-папулярную кнігу — па-літоўску, ясная рэч, — выдала віленская бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы.
Ілюстрацыі для выдання шукалі па кнігасховішчах 11 краін Еўропы.
Укладальнікі сабралі ў кнізе тое, што павінен ведаць пра Скарыну кожны адукаваны чалавек, адзначыў адзін з аўтараў, дырэктар бібліятэкі імя Урублеўскіх Сігітас Нарбутас падчас мінскай прэзентацыі 28 сакавіка ў Акадэміі навук.
Літоўскія аўтары — супрацоўнікі бібліятэкі — паспрабавалі прасачыць дзейнасць Скарыны на тле эпохі. Рыма Цыцэнене выявіла ўплыў рукапіснай кнігі на Скарынавы друкі. Дайва Нарбуцене зрабіла акцэнт на тое, якім стала друкарства Вялікага Княства пасля Скарыны і пад яго ўплывам.
Чэшскія аўтары расказалі пра пражскае атачэнне Скарыны і выказалі гіпотэзу пра месца Скарынавай друкарні — паўночны захад Старамесцкай плошчы.
Таксама беларусам павінна быць прыемна: чэшскія даследчыкі прызнаюць, што па якасці выданняў Скарына пераўзышоў усіх чэшскіх выдаўцоў той эпохі.
Скарына XVI стагоддзя, Скарына XX стагоддзя і Скарына XXI стагоддзя — гэта розныя людзі, адзначыў Нарбутас.
І перад аўтарамі стаяла задача прасачыць, як змяняўся гэты вобраз у культуры Беларусі, Літвы і Чэхіі апошнія 150 гадоў.
Цяпер рыхтуецца беларускае выданне кнігі,
сказаў на прэзентацыі адзіны беларус у аўтарскім калектыве Аляксандр Груша, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі.
Праўда, няма яшчэ пэўнасці, ці выйдзе кніга па-беларуску, ці па-руску.
Каментары