Давераную асобу Лукашэнкі раптоўна не зарэгістравалі кандыдатам у Гродзенскі абласны савет
3.02.2024 / 23:40
На ўсе 60 выбарчых акругаў у Гродзенскі абласны савет знайшлася толькі безальтэрнатыўная — Ашмянская. Тут у апошні момант адваліўся фаварыт, бізнэсмен Андрэй Барбашынскі.
Андрэй Барбашынскі — намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола, у мінулым паспяховы гандбаліст. У 1992 стаў алімпійскім чэмпіёнам у складзе зборнай СНД. А ў 2020 быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер ён член выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта на чале з Віктарам Лукашэнкам.
«Калі спатрэбіцца, я гатовы ўзяць у рукі аўтамат і стаць побач плячом да пляча з прэзідэнтам», — казаў Барбашынскі.
Барбашынскі родам з Ашмянаў. Стаў вядомым за кошт гульні ў мінскім СКА, у 1990-я гуляў у клубах з Іспаніі, Венгрыі і Германіі. Пасля сканчэння кар’еры заняў бізнэсам. Працуе дырэктарам беларуска-нямецкай кампаніі «Белабедзінг», якая выпускае матрацы на фабрыцы пад Гродна.
Барбашынскі меўся удзельнічаць у выбарах — ад яго імя сабралі подпісы ў падтрымку, правялі сход працоўнага калектыву. Бізнэсмен падаў дакументы на рэгістрацыю, але ў апошні момант нешта пайшло не так.
У выніку дэпутацкае месца давядзецца заняць яго спарынг-партнёрцы, загадчыцы сектара культуры Ашмянскага райвыканкама Вользе Барысенка-Рабко, якую дадалі ў бюлетэні ад Камуністычнай партыі.
Чытайце таксама:
Брэсцкая дэпутатка парламента ішла на перавыбары — але раптоўна зняла сваю кандыдатуру
Кіраўнікі «Беларуськалія» пайшлі на выбары і апублікавалі дэкларацыі. Якія ў іх заробкі?