Планы па рэканструкцыі касцёла на Кальварыйскіх могілках у Мінску памянялі не ў лепшы бок
11.02.2025 / 0:22
Рэканструкцыя касцёла Узвышэння Святога Крыжа, шасці капліц-пахавальняў і цэнтральнай уваходнай брамы на тэрыторыі Кальварыйскіх могілак у Мінску зацягваецца. А Чырвонага касцёла, закрытага больш за два гады таму, у планах па рэканструкцыі аб'ектаў у 2025 годзе ўвогуле няма, піша Katolik.life.
Касцёл на Кальварыйскіх могілках у Мінску
Год таму была інфармацыя, пра тое, што згодна з Інвестыцыйнай праграмай Мінска на 2024 год асноўныя работы па рэканструкцыі касцёла на Кальварыйскіх могілках павінны правесці і скончыць у 2025 годзе.
Аднак свежыя даныя сведчаць, што планы змяніліся. Гэта вынікае з апублікаванага пераліку аб'ектаў, праектаванне, будаўніцтва і рэканструкцыю якіх у 2025 годзе плануецца рабіць за кошт сродкаў бюджэту Мінска і іншых крыніц фінансавання —дадатку да інвестыцыйнай праграмы Мінска на 2025 год.
Згодна з дакументам, тэрмін рэканструкцыі касцёла і іншых аб'ектаў на Кальварыйскіх могілках расцягнулі на 2025-2026 гады.
Хоць работы ўсё ж плануюць пачаць сёлета. Пры гэтым сума, якая павінна быць выдзеленая з гарадскога бюджэту і асвоеная, падзелена амаль роўнымі долямі на два гады. Гэта можа сведчыць пра тое што аб'ёмы работ у 2025 і 2026 гадах павінны быць прыкладна аднолькавымі.
Тэрмінам уводу аб'екту ў эксплуатацыю таксама пазначаны 2026 год замест 2025-га, як планавалася раней. Ці будзе касцёл на гэты перыяд закрыты, па-ранейшаму не паведамляецца.
Заказчыкам праекта з'яўляецца дзяржаўнае прадпрыемства «Мінская спадчына», на балансе якога таксама знаходзіцца закрыты больш за два гады таму Чырвоны касцёл — нібыта з прычыны патрэбы ў ягонай рэканструкцыі.
Пры гэтым у Інвестыцыйнай праграме ў пераліку аб'ектаў, рэканструкцыю якіх у 2025 годзе плануецца рабіць за кошт сродкаў бюджэту Мінска і іншых крыніц фінансавання, Чырвонага касцёла зноў няма.