БЕЛ Ł РУС

Грамадства

«Якія рэпартажы?! Гэта толькі з дазволу». Супрацоўнікі хойніцкай раёнкі патлумачылі, чаму нічога не пішуць пра дрон, які ўпаў у цэнтры горада

10.02.2025 / 21:54

Nashaniva.com

У ноч на нядзелю, 9 лютага, у цэнтры Хойнікаў упаў расійскі беспілотнік, у выніку чаго давялося нават эвакуяваць людзей. Пра гэта даведаліся і напісалі незалежныя СМІ, выціснутыя з краіны, але ні слова няма ў дзяржаўных выданнях, якія працуюць на месцы. Выданне «Люстэрка» дазванілася ў рэдакцыю хойніцкай раёнкі і запыталася, чаму так. 

Верагоднае месца падзення беспілотніка ў Хойніках. Скрыншот рэсурсу «Яндэкс. Карты»

Перад тым крыніца «Люстэрка», знаёмая з сітуацыяй, паведаміла:

«У горадзе ўпаў дрон у раёне дзіцячай школы мастацтваў — яго падарвалі ў межах горада. Эвакуявалі жыхароў найбліжэйшых дамоў».

Іншы суразмоўца паведаміў:

«Уначы ўпаў беспілотнік на Дом культуры. З самай раніцы там усё ачапіла міліцыя, нікога не пускалі. Хадзілі збіралі абломкі».

Карта Хойнікаў. Скрыншот з рэсурса «Яндэкс. Карты». Менш чым за кіламетр ад месца падзення дрона знаходзіцца незабудаваная тэрыторыя (вылучаная чырвоным). Магчыма, над гэтай мясцовасцю і спрабавалі збіць беспілотнік. Аднак невядома, ён упаў сам або з-за вонкавага ўздзеяння

У школе мастацтваў, куды журналістка «Люстэрка» патэлефанавала як занепакоеная жыхарка горада, расказалі, што «наступствы ўжо ліквідавалі, школа працягвае працаваць». Пры гэтым пацвердзілі тое, што даводзілася эвакуяваць людзей, але «гэта ўсё прайшло, ужо днём было ўсё добра — учора нават».

Са слоў крыніцы «Люстэрка», праз здарэнне мянялі маршруты аўтобусаў, і гэта пацвердзілі ў службе «Адно акно» пры Хойніцкім райвыканкаме, куды «Люстэрка» таксама патэлефанавала. Але, маўляў, і гэта ўжо ў мінулым, усё выпраўлена яшчэ ўчора.

На афіцыйных сайтах РАУС і МНС і ў сацсетках мясцовых падраздзяленняў інфармацыі аб тым, што адбылося ў Хойніках, па стане на 15-ю гадзіну панядзелка, не было. У адкрытых групах і чатах Хойнікаў у сацсетках мясцовыя жыхары пра гэта таксама не пісалі — верагодна, баючыся пераследу.

Глуха маўчала і мясцовая газета «Хойніцкія навіны», і з яе супрацоўніцай журналістам «Люстэрка» ўдалося пагаварыць, патэлефанаваўшы туды ў якасці занепакоеных грамадзяне.

— Ніхто ніякіх каментароў, ні інфармацыі не даваў — яе могуць размяшчаць толькі сілавыя ведамствы. Таму ў нас ні на сайце, нідзе гэтага няма. Пакуль няма афіцыйнай інфармацыі, ніхто вам нічога не растлумачыць, — сказала па тэлефоне адна з рэдактарак.

— Вы запытвалі нейкія каментары ва ўладаў?

— Мы не маглі запытваць, таму што нам у такім выпадку могуць альбо нешта даць, альбо нешта не, — блытана адказала яна, верагодна, маючы на ўвазе, што газета ў такіх выпадках адпрацоўвае інфармацыю, якую ёй даюць прадстаўнікі ўлады і сілавых структур. — Мы ведаем дакладна такія ж чуткі, як і вы, бо ні заявы, ні каментароў няма.

— Дык вы ж газета, вы павінны ведаць.

— Павінны. Але калі нам інфармацыю ніхто не дае, адкуль мы яе возьмем?

— На месца б з'ездзілі, паглядзелі б. Рэпартажы ў такіх выпадках робяць — раптам ёсць там нейкія пашкоджанні.

— Так нельга рабіць, якія рэпартажы?! Гэта толькі з дазволу сілавых ведамстваў. Самі мы такое не можам рабіць.

Суразмоўца патлумачыла, што ніхто не паехаў на месца, таму што супрацоўнікаў дзяржвыдання «туды не пусцілі б проста». 

Чытайце таксама:

«Упаў у раёне райвыканкама, кучу міліцыі нагналі, у тым ліку АМАП». У Хойніках упаў расійскі дрон

З'явіўся бот выдання «Флагшток», якога трэба пазбягаць

Праект «Беларускі гаюн» спыняе працу

Каментары да артыкула