БЕЛ Ł РУС

Свет

Скарміў чалавека льву. Пяць дзікіх гісторый пра Рамзана Кадырава

21.06.2024 / 10:59

Nashaniva.com

Гісторыю сям'і Кадыравых расказалі аўтары дакументальнага фільма «Вертыкаль Кадырава. Поўная крыві біяграфія». Прыводзім некаторыя з важных дэталяў.

Рамзан Кадыраў, скрыншот з відэа ягонай прэс-службы, 22 красавіка 2024 года

Бацька прыйшоў да ўлады пры пасярэдніцтве мафіі

Бацька Рамзана Кадырава Ахмат у 1990-я гады быў галоўным муфціем рэспублікі. На яго звярнулі ўвагу спецслужбы Расіі яшчэ ў 1999 годзе, калі шукалі кандыдатуру на пасаду будучага кіраўніка Чачні.

Аўтары фільма сцвярджаюць, што першая сустрэча намесніка дырэктара ФСБ Расіі Германа Угрумава і Ахмата Кадырава адбылася ў Махачкале ў кватэры лідара адной з чачэнскіх злачынных груповах Маўладзі Атлангерыева па мянушцы «Лазан». Кадыраў-старэйшы таксама спыніўся на кватэры чачэнскага мафіёзі ў Маскве, калі прыехаў на першую сустрэчу з Пуціным, які ў той час займаў пасаду прэм'ер-міністра.

Уладзімір Пуцін і Ахмат Кадыраў. 15 студзеня 2001 года. Фота: proekt.media

У чэрвені 2000 года Ахмат Кадыраў быў прызначаны кіраўніком адміністрацыі Чачні. А ў 2003 атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у рэспубліцы.

Аўтары фільма звяртаюць увагу, што большасці людзей, якія прымалі ўдзел у перамовах з ФСБ, цяпер няма ў жывых. Сам «Лазан» Атлангерыеў хутчэй за ўсё быў забіты ў 2008 годзе людзьмі Кадырава-малодшага. Акрамя гэтага былі забіты браты Руслан і Сулім Ямадаевы, якія шукалі кантактаў з Крамлём, каб перахапіць уладу ў Чачні.

3000 даляраў за галаву баевіка

У час праўлення бацькі яго малодшы сын Рамзан займаў пасаду камандзіра асабістай аховы. Але асноўнай мэтай узброенага атрада, які знаходзіўся пад яго камандаваннем, была барацьба з сепаратыстамі.

«Рамзан прызначыў узнагароду ў 3-5 тысяч даляраў для тых, хто прынясе яму дзве рэчы — адсечаную галаву баевіка і яго пашпарт. Іншых доказаў не патрабавалася. Людзі пачалі проста забіваць сваіх ворагаў, рэзаць ім галовы і выдаваць за баевікоў», — цытуюць журналісты словы аднаго з былых знаёмых Рамзана, які цяпер жыве за мяжою.

Акрамя гэтага праз Рамзана Кадырава вырашаліся ўсе фінансавыя пытанні. Як сцвярджаюць відавочцы, калі нехта хацеў атрымаць пасаду ў адміністрацыі ці дзяржаўны кантракт, то ішоў да малодшага Кадырава.

Скарміў няўгоднага льву

9 мая 2004 года ў час параду загінуў Ахмат Кадыраў, які на той час патрапіў у няласку Масквы. Рамзан, які павінен быў адказваць за ахову бацькі, у гэты час быў у Маскве.

У той жа дзень Кадырава-малодшага прыняў Уладзімір Пуцін. Менавіта пад час гэтай сустрэчы Пуцін даў зразумець Рамзану, што той будзе будучым кіраўніком Чачні.

Браты Зелімхан і Рамзан Кадыравы. Фота: proekt.media

Журналісты звяртаюць увагу, што старэйшы сын Ахмата Кадырава Зелімхан памёр праз тры тыдні пасля гібелі бацькі. Афіцыйная версія — сардэчная недастатковасць.

Сведкі згадваюць, што пасля смерці бацькі Зелімхан, які злоўжываў наркотыкамі, некалькі дзён сябе не кантраляваў, а аднойчы ўварваўся са зброяй у дом брата.

Па словах аўтараў фільма, у дзень гібелі Ахмата Кадырава за яго ахову адказваў бліжэйшы падначалены Рамзана Магамет Ісрапілаў. Фармальна за тое, што здарылася, мужчына не панёс ніякага пакарання.

Ад ключавога сведкі і яго брата Рамзан Кадыраў пазбавіўся пазней. І гэта адбылося самым жорсткім сярэдневяковым спосабам. Чачэнскія блогеры пісалі, што на Магамета быў нацкаваны леў з асабістага заапарка Кадырава.

Брата мужчыны пазбавілі жыцця іншым жорсткім спосабам. Спачатку яму адсеклі галаву, а цела пасадзілі на крук для разбірання туш і падвесілі на нейкі час перад уваходам на стадыён у радавым сяле Кадыравых.

Атручванні і аварыі

Як адзначаюць аўтары фільма, прыход да ўлады Кадыравых суправаджаўся чарадою трагічных падзей, якія адбыліся з яго апанентамі. У верасні 2003 года цяжкае атручэнне перажыў кіраўнік ураду Чачні Анатоль Папоў. Гэта паслужыла нагодай адправіць прэм'ера ў адстаўку.

Нядоўга пабыў на пасадзе і іншы прэм'ер і прызначэнец Масквы — Сяргей Абрамаў. У лістападзе 2005 года мужчына трапіў у цяжкую аўтамабільную аварыю ў Маскве. Пасля гэтага пасаду прэм'ер-міністра Чачні заняў Рамзан Кадыраў.

У тым жа годзе пры пажары загінуў сакратар Савета бяспекі Чачні Руднік Дудаеў. Яго месца заняў памочнік Рамзана.

Інаўгурацыя Рамзана Кадырава. 2007 год. Фота: proekt.media

Да прыходу Рамзана ў 2007 годзе на пасаду прэзідэнта ўсе яго канкурэнты за ўладу ці загінуць, ці сыдуць у цень у выніку запужванняў і насілля.

Гібель ахоўнікаў Адама Кадырава

Прыход да ўлады Рамзана Кадырава не спыніў злачынных метадаў расправы з людзьмі. Аўтары прыводзяць адзін з апошніх фактаў. У 2022 годзе ў Чачні пры дзіўных абставінах пайшлі з жыцця два набліжаныя да сына Рамзана Кадырава Адама мужчыны.

Абдулкерым Эдзілаў, Мурат Агмерзоеў і Адам Кадыраў. 2022 год. Фота: proekt.media

Першы — Абдулкерым Эдзілаў, 31-гадовы прафесійны баец MMA, які трэніраваў сыноў Кадырава, за што атрымаў пасаду віцэ-прэм'ера Чачні. У лістападзе Абдулкерым нечакана падаў у адстаўку, а праз некаторы час памёр.

Другі таямніча памерлы — целаахоўнік Адама Кадырава Мурат Агмерзоеў.

Аўтары адзначаюць, што такое жорсткае пакаранне мужчыны панеслі за тое, што дапусцілі распаўсюджанне пагалосак, якія падрываюць рэпутацыю сям'і Кадыравых.

Чытайце таксама:

Хворы Кадыраў таемна ажаніў сваіх непаўналетніх сыноў

Чатыры жонкі Рамзана Кадырава, якія нарадзілі яму 14 дзяцей: хто яны

Расійскія прапагандысты ўсё стараюцца ажывіць Кадырава. Гэтым разам з яго зрабілі незвычайнага асілка

Кадыраў прызначыў свайго 16-гадовага сына куратарам прыватнага ўніверсітэта спецназа імя Пуціна

Каментары да артыкула