Чым жывуць гэтыя раёны сёння? Пра гэта мы распыталі жыхароў Малінаўкі і Паўднёвага Захаду: рэпера Валіка, спявачку Барбару Гузарэвіч і тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава.
Усе мы ведаем, што кадры з гэтых спальнікаў склалі салідную частку візуальнага шэрагу кліпа «Слова пацана» Макса Каржа. Трэба сказаць, што паўднёва-заходняя частка Мінска ў прынцыпе мае рэпутацыю рэперскай. Гэта нам пацвярджае і рэпер Валік, які жыве тут з пачатку нулявых.
«Я нярэдка чуў: «А, ты з Малінаўкі, дык усе рэперы аднекуль адтуль». І тут ёсць зерне праўды. Адсюль выйшаў Арцём Lil Ice, вядомы як Iceon. Калі мне было 13 год, яго, здаецца, ведаў кожны, хто быў зацікаўлены жанрам. Быў гурт Smoke Box. Бітбоксер Nigga таксама з гэтых краёў. А яшчэ раней тут працавала студыя гуказапісу «Малібу», дзе ў тым ліку запісваліся рэп-выканаўцы. Цяпер, праўда, яны пераехалі бліжэй да цэнтра».
Малібу – гэта, дарэчы, яшчэ адна мясцовая назва Малінаўкі. Нароўні з Малінэ.
Валік пакуль не прысвячаў трэкаў свайму раёну, калі не лічыць фрагментарны ўдзел у стварэнні музыкі для кароткаметражкі рэжысёра Андрэя Святлова, якую ён здымаў тут – стужка пакуль на стадыі постпрадакшну. Але першы альбом хлопец напісаў, шпацыруючы па родных вуліцах: ён ніколі не прыдумляе трэкі дома, седзячы з лістом паперы. Проста выходзіць на свежае паветра, гуляе і нешта начытвае на дыктафон.
«Маці расказвала, калі бацька ўпершыню прывёз яе ў нашу будучую кватэру ў Малібу, яе першая рэакцыя была: «У якое ж балота я трапіла!» У 2002 годзе там, дзе зараз метро Малінаўка, не было нічога. Недзе ў 2003-м у лясочку, дзе цяпер стаіць ProStore, я хаваў свайго памерлага хамяка Ëрыка».
Валянцін Янкавы,
ці Валік, рэп-выканаўца