Лукашэнка атрымаў віншаванне з «перамогай» на выбарах ад прэзідэнта Грузіі
11.02.2025 / 18:59
Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што ён атрымаў віншаванне з «перамогай» на выбарах 26 студзеня ад прэзідэнта Грузіі Міхаіла Кавелашвілі.
Міхаіл Кавелашвілі (справа) на сваёй інаўгурацыі 29 снежня 2024 года з нефармальным кіраўніком «Грузінскай мары» Бідзінам Іванішвілі. Фота: Irakli Gedenidze/Pool Photo via AP
«Хачу павіншаваць вас з абраннем на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і пажадаць вам поспеху ў вашай дзейнасці», — адзначае Кавелашвілі, адначасова падзякаваўшы Лукашэнку за ягонае ранейшае віншаванне.
Таксама ў віншаванні Кавелашвілі адзначаецца, што падмуркам адносін паміж Грузіяй і Беларуссю з'яўляецца «узаемная павага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці».
Інаўгурацыя самога Міхаіла Кавелашвілі прайшла 29 снежня мінулага года. Ягоную легітымнасць не прызнае мясцовая апазіцыя і частка міжнародных партнёраў краіны, паколькі маюць пытанне да дэмакратычнасці парламенцкіх выбараў, праведзеных перад тым. На іх паводле афіцыйных звестак перамагла партыя «Грузінская мара», якая ўтрымлівае ўладу ў краіне з 2012 года.