БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Новая практыка: прайсці сумоўе «паравозікам». Айцішнікі ходзяць па чарзе на інтэрв’ю, а потым дзеляцца заданнямі

11.02.2025 / 14:32

Nashaniva.com

Айцішнікі прыдумалі новы спосаб праходжання сумоўяў — «паравозікі». Гэта калі кандыдаты ходзяць па чарзе на інтэрв’ю ў адну кампанію, а затым абменьваюцца паміж сабой заданнямі з розных этапаў сумоўя. Пра гэтую хітрасць у кампаніі Vention расказалі devby.

Ілюстрацыйнае фота

«Так, мы чулі пра такі спосаб праходжання сумоўяў, калі кандыдаты па чарзе праходзяць інтэрв’ю ў адной кампаніі, а потым дзеляцца інфармацыяй. Часта для гэтага ствараюцца агульныя чаты ў месенджарах. І гэта не адзіны «крэатыўны метад», з якім мы сутыкаліся ў сваёй практыцы.

Напрыклад, аднойчы сябар кандыдата прайшоў за яго першы этап сумоўя з рэкруцёрам і праверку англійскай. Але на наступным этапе, дзе трэба было гаварыць самастойна, ён «пасыпаўся».

Таксама былі выпадкі, калі падчас тэхнічнай часткі інтэрв’ю кандыдаты карысталіся падказкамі сяброў. І было смешна, калі быў чутны шэпт «суфлёра».

З аднаго боку, мы па-чалавечы разумеем такіх людзей. Усе калісьці шукалі працу і хацелі атрымаць запаветны офер. Але ўсё ж лепш праходзіць сумоўе сумленна і прафесійна. Нават невялікія хітрасці часта прыкметныя. Мы бачым, калі кандыдаты чытаюць з экрана, пераключаюцца паміж укладкамі або паўтараюць пытанні ўслых, выкарыстоўваючы галасавыя памочнікі.

Бо нават калі атрымаецца «ўзламаць» сістэму і атрымаць працу, можна апынуцца ў стрэсавым становішчы, калі адсутнасць скілаў не дазволіць выконваць пастаўленыя задачы».

У Vention адзначаюць, што інтэрв’ю — гэта двухбаковы працэс, які дазваляе абедзвюм бакам зразумець, ці падыходзяць яны адзін аднаму.

Менавіта таму ў адной і той жа кампаніі сумоўе можа ўключаць розныя элементы: тэставыя заданні, паглыбленыя тэарэтычныя пытанні або лайв-кодынг.

— Няўдалае інтэрв’ю — гэта не канец свету і дакладна не прысуд для вашай кар’еры. У нас шмат прыкладаў, калі кандыдаты пасля адмовы вярталіся праз паўгода, закрыўшы прабелы ў ведах, і паспяхова атрымлівалі оффер.

Сумоўе ў такіх выпадках становіцца магчымасцю атрымаць каштоўную зваротную сувязь і досвед, якія немагчыма набыць, проста завучыўшы адказы на пытанні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула