БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Лукашэнка даў УНС шырокія паўнамоцтвы і цяпер не ведае, як арганізаваць, каб гэты сход нікому не замінаў

11.02.2025 / 14:10

Nashaniva.com

Першапачаткова меркавалася, што УНС будзе выкарыстаны для транзіту ўлады. Але Аляксандр Лукашэнка працягнуў у лютым сваё прэзідэнцтва. Згодна з новай Канстытуцыяй, УНС атрымала даволі сур'ёзныя паўнамоцтвы, пераймаючы частку функцый прэзідэнта і іншых органаў улады. Цяпер Лукашэнка патрабуе, каб УНС знайшлі яго месца ў сістэме. 

Аляксандр Лукашэнка 11 лютага правёў пасяджэнне прэзідыума Усебеларускага народнага сходу.

Адна з тэм пасяджэння — арганізацыйная структура і камісіі УНС.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што «гэта пытанне пакуль заставалася каменем спатыкнення», паведамляе яго прэс-служба. «Вы памятаеце палеміку на мінулым пасяджэнні прэзідыума. Мной даручалася прэзідыуму пры ўдзеле кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта дадаткова прапрацаваць гэтыя пытанні. Спадзяюся, мы іх разгледзім і прымем рашэнне», — нагадаў ён.

Лукашэнка дадаў, што «праблематыка сур'ёзная, а таму пры прыняцці рашэнняў нельга памыліцца».

«Усебеларускі народны сход павінен займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў. Нельга спарадзіць новыя нарады, перапіску, фармалізм. І галоўнае, не павінна быць сутыкання ілбамі адных органаў улады з іншымі і ўсіх разам з Усебеларускім народным сходам. Мы, як першапраходцы, ідзём па цаліне, фарміруем структуру на гады наперад. І ад гэтага рашэння шмат у чым залежыць прадуктыўнасць і аўтарытэт самога сходу, іншых органаў дзяржаўнага кіравання», — сказаў ён.

Цяпер ён зноў вярнуўся да пытання дэбюракратызацыі. 

«Калі мы хочам мець эфектыўную дзяржаву, то пачынаць трэба з аптымізацыі кіраўніцкіх працэсаў, татальнай дэбюракратызацыі і жалезнай выканальніцкай дысцыпліны. Па канчатковым рахунку ад гэтага залежыць давер народа», — сказаў ён. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула