БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Мінпадаткаў расказала пра новае ў дэкларацыях, даходы з-за мяжы і жыццё не па сродках

11.02.2025 / 13:36

Nashaniva.com

Сёлета беларусам, гадавыя даходы якіх перавысілі 200 тысяч рублёў, упершыню трэба будзе запоўніць дэкларацыі і падаць іх у падатковую. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі, піша Onliner.by.

Ілюстрацыйнае фота

Каму трэба плаціць падатак на звышдаходы

Гаворка ідзе пра даходы, атрыманыя з крыніц у Беларусі па трох падставах:

Гэтыя тры віды даходаў суміруюцца, і сума, якая перавышае 200 тысяч рублёў, абкладаецца падаткам па стаўцы 25%.

Пры гэтым улічваюцца падаткі, якія былі на працягу года ўтрыманы з даходаў, што перавышаюць 200 тысяч.

— Напрыклад, чалавек за год атрымаў заробак і дывідэнды на 300 тысяч рублёў. Адпаведна, ён павінен падаць дэкларацыю, а падатак будзе пераразлічаны з розніцы (300—200) — са 100 тысяч рублёў, — растлумачыў Андрэй Кавалеўскі.

Пры гэтым улічваюцца толькі тыя даходы, якія абкладаюцца згодна з п. 1 арт. 214 Падатковага кодэкса па стаўцы 13%. Калі на працягу года даходы абкладаліся іншымі стаўкамі, яны не ўключаюцца ў падлік 200 тысяч рублёў.

— Напрыклад, гэта могуць быць стаўкі 0% або 6% па дывідэндах. Гэта можа быць стаўка 9% па працоўных дамовах для рэзідэнтаў індустрыяльнага парку «Вялікі Камень». Гэта можа быць нават стаўка 13%, прадугледжаная арт. 214 Падатковага кодэкса, а іншым законам у дачыненні да працоўных даходаў рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, — удакладніў Кавалеўскі.

Паводле разлікаў МПЗ, у 2023 годзе плацельшчыкамі падатку на звышдаходы маглі б стаць каля 10 тысяч чалавек. Але ў 2025 годзе колькасць такіх людзей можа змяніцца, бо многія маглі размеркаваць дывідэнды яшчэ ў 2023 годзе, ведаючы пра ўвядзенне новага падатку ў 2024-м.

Хто яшчэ павінен падаць дэкларацыю

Як адзначылі ў МПЗ, штогод дэкларацыі па падаходным падатку падаюць каля 40 тысяч чалавек.

Паводле статыстыкі мінулага года, 68% дэкларацый былі пададзеныя ў сувязі з атрыманнем даходаў з-за мяжы. Дэклараваць неабходна даходы, якія атрыманы за мяжой або з-за мяжы.

Каля 20% дэкларацый падаюць тыя, хто атрымаў даходы ад продажу маёмасці. Без дэкларацыі можна на працягу пяці гадоў прадаць адну кватэру, адзін жылы дом, адзін зямельны ўчастак, адзін гараж і адну машыну. Калі ж за пяць гадоў прадаць дзве і больш кватэры, два і больш жылыя дамы, то за другую і наступныя продажы трэба падаваць падатковую дэкларацыю.

Яшчэ адна катэгорыя, якая павінна запаўняць дэкларацыю, — асобы, якія атрымалі падарункі. Калі іх агульная сума за 2024 год перавысіла 10 431 беларускі рубель, неабходна падаць справаздачу ў падатковую. Падарункі ад блізкіх сваякоў на любую суму падаткам не абкладаюцца.

Дэкларацыі трэба падаць да 31 сакавіка, а тэрмін аплаты падаходнага падатку ў гэтым годзе — да 2 чэрвеня.

У каго правераць даходы і выдаткі

У Андрэя Кавалеўскага таксама спыталі, у колькіх беларусаў у 2024 годзе выявілі перавышэнне выдаткаў над афіцыйнымі даходамі. Статыстыку ён не агучыў, але растлумачыў, каго правяраюць у першую чаргу.

— Гэтыя праверкі падатковыя органы праводзяць выбарачна, аналізуючы вялікі масіў інфармацыі пра выдаткі. Але ўсё ж мы не ідзем з праверкамі да кожнага беларуса, бо гэта, напэўна, было б няправільна, — адзначыў прадстаўнік падатковай.

Паводле яго слоў, падатковыя органы ў першую чаргу працуюць з прадстаўнікамі бізнэсу, якіх падазраюць ва ўтойванні даходаў і мінімізацыі падатковых абавязацельстваў.

— Уявіце сабе камерцыйнае прадпрыемства, якое паспяхова працуе, але яго супрацоўнікі атрымліваюць мінімальную зарплату. Узнікае пытанне: як так і што гэта за заробкі такія? Пры гэтым яго ўладальнікі і топ-менеджмент набываюць дарагія аўтамабілі і нерухомасць. Менавіта да такіх асоб у падатковых органаў узнікаюць пытанні ў першую чаргу, — растлумачыў Андрэй Кавалеўскі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула