БЕЛ Ł РУС

Свет

Эканоміку Іспаніі называюць найлепшай у свеце. Як гэта ўдалося?

11.02.2025 / 10:10

Nashaniva.com

У марозны зімовы дзень у Сеговіі, што ў цэнтры Іспаніі, турысты збіраюцца ля падножжа акведука рымскіх часоў. Яны разглядаюць захаваныя аркі і робяць сэлфі.

Фота: Juan Medina/Pool Photo via AP 

Многія з іх — іспанцы, але таксама ёсць і іншыя еўрапейцы, турысты з Азіі і Лацінскай Амерыкі. У Сеговіі іх прыцягваюць гістарычны шарм, кухня і маляўнічыя краявіды за гарамі на поўнач ад Мадрыда, піша Бі-бі-сі.

«Быў момант падчас кавіду, калі я думала, што турызм ужо ніколі, ніколі не будзе такім, як раней», — кажа Елена Мірон, мясцовы гід, якая праз некалькі хвілін збіраецца правесці групу турыстаў па горадзе.

«Але цяпер усё вельмі добра, і я думаю, што гэты год будзе такім жа ўдалым, як і 2024-ы ды 2023-і. Гэта добра, бо я магу жыць з працы, якую люблю», — тлумачыць яна.

У 2024 годзе Іспанію наведалі 94 мільёны турыстаў, і краіна амаль дагнала Францыю, якая з 100 мільёнамі наведвальнікаў застаецца галоўным турыстычным цэнтрам свету.

Турызм — гэта тая галіна, якая ў паслякавідны час стала галоўнай прычынай таго, што чацвёртая па велічыні эканоміка еўразоны пачала апярэджваць Германію, Францыю, Італію і Вялікабрытанію, вырасшы на 3,2% за мінулы год.

Тым часам нямецкая эканоміка запаволілася на 0,2%, французская вырасла толькі на 1,1%, італьянская — на 0,5%, а брытанская — на 0,9%.

Усё гэта дапамагае зразумець, чаму часопіс The Economist называе Іспанію краінай з найлепшай эканомікай у свеце.

«Іспанская мадэль з’яўляецца паспяховай, бо яна збалансаваная. І менавіта гэта гарантуе стабільнасць росту», — кажа Карлас Куэрпа — міністр па пытаннях бізнэсу ў сацыялістычным кааліцыйным урадзе.

Ён адзначае, што за мінулы год на Іспанію прыпадае 40% росту ўсёй еўразоны.

Падкрэсліваючы важнасць турызму, міністр таксама звяртае ўвагу на фінансавыя паслугі, тэхналогіі і інвестыцыі як фактары, якія дапамагаюць Іспаніі аднавіцца пасля пандэміі, калі ВУП краіны скараціўся на 11% усяго за год.

«Мы выходзім з кавіду без шрамаў і мадэрнізуем нашу эканоміку, тым самым павышаючы патэнцыял для росту», — кажа ён.

Пасля пандэміі мадэрнізацыя падтрымліваецца фінансамі з фонду ЕС Next Generation, з якога да 2026 года Іспанія атрымае 163 мільярды еўра. Разам з Італіяй Іспанія з’яўляецца адным з найбуйнейшых атрымальнікаў гэтай праграмы.

Іспанія ўкладвае сродкі ў нацыянальную сістэму чыгунак, зоны з нізкім узроўнем выкідаў у гарадах, а таксама ў развіццё вытворчасці электрамабіляў і субсідыі для малога бізнесу.

«Дзяржаўныя выдаткі вельмі высокія, і менавіта яны забяспечылі прынамсі палову эканамічнага росту пасля пандэміі», — кажа Марыя Вальдэморас, выкладчыца эканомікі ў бізнес-школе IESE.

Асноўная розніца паміж Іспаніяй і іншымі еўрапейскімі краінамі — гэта меншая залежнасць ад прамысловасці, якая, як адзначае эканамістка, «цяпер церпіць ад шэрагу фактараў: высокіх коштаў на энерганосьбіты, канкурэнцыі з боку Кітая і іншых азіяцкіх краін, выдаткаў на пераход да чыстай энергетыкі і гандлёвага пратэкцыянізму».

З часу кавіду адным з галоўных выклікаў для іспанскай эканомікі быў высокі кошт жыцця. Ён пачаў расці праз праблемы ў ланцужках паставак і з-за поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.

У ліпені мінулага года інфляцыя дасягнула піку ў 11%, галоўным чынам з-за коштаў на энерганосьбіты. Аднак да канца 2024 года ўзровень інфляцыі знізіўся да 2,8%.

У Мадрыдзе лічаць, што стрымаць рост цэн дапамаглі субсідыі на паліва і стымуляванне выкарыстання грамадскага транспарту. Пазітыўна паўплывала і павышэнне пражытачнага мінімуму.

Акрамя таго, на піку еўрапейскага энергетычнага крызісу Іспанія і Партугалія дамовіліся з Бруселем аб так званай «іберыйскай папраўцы», якая дазволіла ім вызначаць абмежаванні на цэны на газ, што выкарыстоўваецца для вытворчасці электраэнергіі, каб зменшыць сумы ў камунальных рахунках.

Паводле Карласа Куэрпа, гэтае рашэнне дазволіла Іспаніі стаць больш устойлівай да эканамічных крызісаў.

Іспанія даказала, што яна больш устойлівая да паслядоўных шокаў — уключаючы інфляцыйны шок праз вайну ва Украіне, — кажа ён. — І гэта частка таго шчыта, які дапамог абараніць нашых спажыўцоў і прадпрыемствы».

Развіццё зялёнай энергетыкі стала яшчэ адным пазітыўным фактарам, які не толькі забяспечвае электраэнергіяй эканоміку, але і стымулюе інвестыцыі.

Зараз Іспанія мае другую па велічыні інфраструктуру аднаўляльнай энергетыкі ў ЕС.

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя поспехі, у Іспаніі застаюцца і традыцыйныя праблемы, такія як хранічна высокае беспрацоўе, якое з’яўляецца найвышэйшым у ЕС і амаль удвая перавышае сярэдні ўзровень у саюзе.

Аднак напрыканцы 2024 года сітуацыя палепшылася — узровень беспрацоўя знізіўся да 10,6% — найніжэйшага з 2008 года.

Акрамя таго, колькасць працоўных месцаў у краіне дасягнула рэкордных 22 мільёнаў.

Асноўнай прычынай гэтага называюць рэформу рынку працы, якая абмяжоўвае выкарыстанне часовых кантрактаў і робіць пастаянныя кантракты больш гнуткімі.

Рэформа выклікала шмат спрэчак, але яе рэалізацыю многія лічаць неабходнай для краіны з насельніцтвам, якое хутка старэе.

Прэм’ер-сацыяліст Педра Санчэс неаднаразова падкрэсліваў важнасць прыцягнення працоўных мігрантаў, называючы гэта «фундаментальнай патрэбай».

Еўрапейская камісія прагназуе, што Іспанія захавае лідарства сярод найбуйнейшых эканомік ЕС.

Але на гарызонце ёсць і выклікі — залежнасць ад турызму, вялікая дзяржаўная запазычанасць і жыллёвы крызіс.

Нягледзячы на гэта, Іспанія ўжо можа ганарыцца статусам рухавіка эканамічнага росту Еўропы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула