БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Ланская на Занзібары, Дарафеева на Кубе, Сярога ў Швейцарыі: дзе адпачываюць зімой лукашэнкаўскія спевакі

11.02.2025 / 10:11

Nashaniva.com

Стомленыя ад бясконцых «Марафонаў адзінства», некаторыя прыхільнікі рэжыму адразу пасля выбараў паспяшаліся паехаць у адпачынак.

Ірына Дарафеева вучыцца гуляць у гольф на Кубе

Ірына Дарафеева апублікавала ў інстаграме здымкі з Кубы ў даволі эратычным купальніку. Спявачка паведаміла падпісчыкам, што студзень ды і ўся восень былі ў яе даволі насычанымі. Яно і не дзіўна, таму што паматацца па розных гарадах Беларусі, каб паспяваць на канцэртах праўладнага «Марафону адзінства» Ірыне сапраўды давялося.

Ірына Дарафеева. Фота з яе інстаграма

У сторыс былая дэпутатка посціць кубінскія танцы на пляжы Варадэра і задае рытарычнае пытанне, ці трэба ёй далучыцца.

Пляж гэты — месца сапраўды прыгожае. Тут ёсць шырокі выбар забаў для турыстаў: конныя прагулкі, марскія прагулкі на яхтах, дайвінг, для якога сама прырода стварыла ідэальныя ўмовы. Вялікую цікавасць для турыстаў уяўляюць марскія пячоры і ланцугі каралавых рыфаў.

Для адпачынку артыстка зноў выбрала гатэль з пазнакай «18+» — гэта Melia Las Americas. Ноч у самым танным нумары тут каштуе каля 300 даляраў за дваіх.

Ірына з дзіцячым захапленнем робіць відэа з мясцовымі птушкамі, плавае з дэльфінамі і вучыцца гуляць у гольф. Скардзіцца толькі на тое, што яе арганізм ніяк не можа прызвычаіцца да 8-гадзіннай розніцы з беларускім часам.

Алёна Ланская хвалюецца за планету на Занзібары

Алёна Ланская паляцела адпачываць на Занзібар. Цяпер посціць фота з шыкоўнага пяцізоркавага гатэля Palumbo Waves, які працуе па сістэме «ўсё ўключана».

Алёна Ланская. Фота з яе інстаграма

Знаходзіцца гатэль у бухце Кендва, самай прыгожай на ўсім Занзібары. Усяго за 250 метраў ад яго цудоўны пляж з бялюсенькім пяском, там жа ёсць і рэстаран.

Ёсць таксама галоўны рэстаран са шведскім сталом і рэстаран à la carte на даху з рыбнымі далікатэсамі.

Адзінае, што крыху сапсуе Алёне адпачынак, — гэта думкі пра забруджванне планеты. Артыстка запосціла ў сторыс відэа таго, колькі смецця побач. Ролік яна суправадзіла подпісам «Калі-небудзь планета…» і смайлам з разбітым сэрцам.

Сярога гуляе ў гарах Швейцарыі

Яшчэ ў 2021 годзе выканаўца Сяргей Пархоменка, больш вядомы як рэпер Сярога, жыў ва Украіне і распавядаў, якая гэта цудоўная краіна. Але не забываў рабіць кампліменты і Лукашэнку — і гэта дало прадказальны вынік. Спачатку спевака запрасілі выступіць на Дзень горада ў Мінску, а потым былі і іншыя прапановы ад беларускіх уладаў.

Ужо пасля пачатку вайны ва Украіне Сярога не разгубіўся і вярнуўся на радзіму — амаль адразу на месца настаўніка на шоу БТ «Фактар.бай».

Сярога. Фота з яго інстаграма

Каб зрабіць больш трывалым сваё становішча на беларускай эстрадзе, рэпер нават запісаў песню пра спаленую беларускую вёску Ола, якая знаходзіцца ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці.

Цяпер, здаецца, артыст спрабуе замацаваць свае пазіцыі ў расійскім шоу-бізнэсе і нават не вельмі стараўся неяк падтрымаць Лукашэнку падчас выбараў.

Сёлета Сярога вырашыў адпачыць у Швейцарыі. Жартаваў, што шпацыраваць у гарах яму параіў чат GPT, калі спявак спытаў пра нясумнае кардыё для пенсійнага ўзросту. У якасці сувеніра прывёз швейцарскі сыр «Галава манаха» — кажа, гэта сапраўдны твор мастацтва.

Чытайце таксама:

Дзе сёлета адпачываюць Тур, Мірончык-Іванова, вядучая ГУБАЗіКа ды іншыя лукашысты і якія гатэлі яны выбіраюць?

«Я, можа, і не магу паехаць у ваш засраны Парыж…» Лебедзеву зусім не бамбіць у адпачынку

«Ну кайф жа!» Каментатарка «Беларусь 5» Дарына Запольская адпачывае ў Францыі ФОТА

Рэжысёрка канцэртаў для Лукашэнкі святкавала Новы год і Раство ў Вялікабрытаніі — шмат ФОТА

Каментары да артыкула