ХАМАС абвінаваціў Ізраіль у парушэнні пагаднення і адклаў далейшае вызваленне закладнікаў
10.02.2025 / 20:18
Прадстаўнік палесцінскага руху ХАМАС 10 лютага абвінаваціў Ізраіль у парушэнні пагаднення аб спыненні агню, у тым ліку ў нанясенні авіяўдараў па палесцінцам у сектары Газа. Ён заявіў, што чарговае вызваленне закладнікаў, прызначанае на наступную суботу, будзе адкладзенае, піша Euronews.
Фота: AP Photo/Abdel Kareem Hana
«На працягу апошніх трох тыдняў мы назіралі пастаянныя парушэнні ўмоў пагаднення з боку праціўніка, — напісаў у сваім тэлеграм-канале прадстаўнік вайсковага крыла ХАМАСа — групоўкі «Брыгады Ізэдзіна аль-Касама» Абу Убайда. — У сувязі з гэтым мы вырашылі адкласці вызваленне палонных, якія павінны былі быць адпушчаныя 15 лютага, да далейшага паведамлення. Ізраіль павінен прытрымлівацца нормаў пагаднення і кампенсаваць шкоду, прычыненую ім за апошнія тыдні».
Ізраіль і ХАМАС знаходзяцца ў рэжыме шасцітыднёвага спынення агню, падчас якога палесцінская групоўка вызваляе дзясяткі закладнікаў, захопленых падчас нападу 7 кастрычніка 2023 года, у абмен на амаль 2 000 палесцінскіх зняволеных.
З моманту ўступлення ў сілу перамір'я ў мінулым месяцы бакі правялі пяць абменаў. За гэты час быў вызвалены 21 закладнік і больш за 730 зняволеных. Наступны абмен быў запланаваны на суботу: вызваленне трох ізраільскіх закладнікаў у абмен на сотні палесцінскіх зняволеных.
Абу Убайда, які абвінаваціў Ізраіль у сістэматычных парушэннях пагаднення, засведчыў, што яны
«ўключаюць у сябе затрымкі з дазволам перамешчаным палесцінцам вярнуцца ў паўночную частку Газы, авіяўдары і абстрэлы розных раёнаў сектара, а таксама няздольнасць садзейнічаць дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў адпаведнасці з дамоўленасцямі».