БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Шарэнда-Панасюк прызналася, што падпісала паперы аб супрацоўніцтве з сілавікамі і атрымала імя Эдэльвейс

10.02.2025 / 13:17

Nashaniva.com

Актывістка заявіла, што адмяняе гэтую дамову. 

На прэс-канферэнцыі 10 лютага ў Вільні Паліна Шарэнда-Панасюк расказала, праз якія катаванні прайшла падчас зняволення. Яна сказала, што яе стратэгіяй, каб выйсці з калоніі, стала падпісанне паперы аб канфідэнцыяльным супрацоўніцтве з сілавікамі. Ёй далі мянушку Эдэльвейс. 

Першую паперу яна падпісала 24 снежня 2024 года ў калоніі №24. Другую паперу — у Брэсце, калі прыйшла ў ГУБАЗіК. Гэта было 3 лютага 2025 года.

На наступны дзень Шарэнда-Панасюк з’ехала з краіны.

«Я заяўляю, што я пісала гэтыя паперы, разумеючы, што магу ніколі не выйсці з-за гэтых кратаў. З майго боку гэта быў тактычны ход», — патлумачыла яна.

Яна публічна адмяніла дамову і заклікала іншых палітвязняў, каму давялося падпісаць падобныя паперы, публічна дэзавуяваць дакументы.

***

Брэсцкая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзілася за кратамі са студзеня 2021 года. Першасна ёй прысудзілі два гады зняволення.

Жанчына павінна была выйсці на волю ў 2022 годзе, але ёй тройчы дадавалі па году калоніі за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Яна была першай палітзняволенай жанчынай, каго асудзілі па гэтым артыкуле. 

Паліну перавялі ў калонію для рэцыдывістак, катавалі пастаянным знаходжаннем у ШІЗА і памяшканні камернага тыпу. За час зняволення ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, з'явіўся хранічны панкрэатыт.

Агулам яна правяла за кратамі больш за 4 гады. 270 сутак Паліна правяла ў карцарах і ШЫЗА. 

1 лютага 2025 года Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю. Яна выехала з Беларусі ў Літву, дзе яе чакалі муж і двое дзяцей. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула