БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Ціманоўская пра мужа ў Беларусі: Не, я не буду сябе вінаваціць, калі яго пасадзяць

9.02.2025 / 23:24

Nashaniva.com

Вядомая беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская, якая выступае за зборную Польшчы, напісала ў сацсетках, што яе былы муж Арсень Зданевіч нейкім чынам апынуўся ў Беларусі. Яна тэгнула акаўнты МУС Беларусі, а таксама памежнай службы. «Люстэрка» спытала, навошта яна так паступіла.

Крысціна Ціманоўская. Фота: сацсеткі

Крысціна Ціманоўская з абурэннем пісала ў сторыс пра мужа, якога заўважыла ў Беларусі:

«Па-першае, ён атрымаў у Польшчы польскае грамадзянства праз подпіс прэзідэнта за 9 месяцаў, таму што з'яўляецца палітычным уцекачом і пры падачы на ​​грамадзянства пазначыў у анкеце, што яму небяспечна вяртацца ў Беларусь. Па-другое, ён даваў шмат інтэрв'ю супраць улады, а таксама ў яго было шмат сторыс пра 2020, выбары, мітынгі і вайну ва Украіне. Па-трэцяе, разам са мной ён хадзіў на мітынгі ў Польшчы і насіў БЧБ-сцяг».

Спартсменка патлумачыла «Люстэрку» свае дзеянні тым, што хоча справядлівасці. 

«Як мінімум я хачу, каб у Польшчы перагледзелі ягонае грамадзянства і анулявалі, бо ён атрымаў пашпарт дзякуючы мне. Пагадзілася перайсці ў польскую зборную пры ўмове, што Польшча дасць і яму грамадзянства. У анкеце мы паказвалі, што не можам вярнуцца ў Беларусь, бо гэта небяспечна».

Ціманоўская сцвярджае, што яе былы муж уцёк з Польшчы, калі кінуў на грошы некалькіх людзей, якім абяцаў прыгнаць аўто. Па словах спартсменкі, ён і ёй вінен грошы.

Ці не будзе бягуха вінаваціць сябе, калі мужа раптам пасадзяць у Беларусі?

«Не, я не буду сябе вінаваціць. Гэты чалавек і яго сям'я прынеслі шмат болю і мне, і маёй сям'і. І я хачу справядлівасці. Людзі могуць гэта назваць як заўгодна, але ніхто не зразумее, пакуль не апынецца на маім месцы і не адчуе ўсё тое, што я адчуваю гадамі. Я ўдзячная сабе за тое, што пасля ўсяго перажытага не апусціла рукі, не запала ў дэпрэсію і не здалася, хоць мне даводзілі гадамі, што без яго я проста ніхто.

Дарэчы, я давала былому мужу шанец. Прапаноўвала вярнуць мне грошы за маўчанне, але ён сказаў, што я магу ўсё распавядаць і яму пофіг. Маўляў, ён усё роўна нічога не верне».

Чытайце таксама:

«Ён атрымаў польскае грамадзянства за 9 месяцаў»: Ціманоўская ў шоку ад таго, што яе былы муж вярнуўся ў Мінск

Бягуха Ціманоўская гатовая судзіцца з былым мужам за 33000 даляраў і пагражае пазбавіць яго грамадзянства

У бацькоў Ціманоўскай праходзіць вобшук

Каментары да артыкула