БЕЛ Ł РУС

Свет

Краіны Балтыі ў суботу адключаюцца ад энергасістэмаў Расіі і Беларусі. Што трэба ведаць?

7.02.2025 / 16:7

Nashaniva.com

8 лютага Эстонія, Латвія і Літва плануюць сінхронна адключыцца ад расійска-беларускай энергасістэмы, вядомай як «электрычнае колца БРЭЛЛ», і пераключыцца на еўрапейскую сістэму ENTSO-E, піша Бі-бі-сі.

Ілюстрацыйнае фота

Гэта гістарычны момант: у Вільні нават усталявалі сімвалічны гадзіннік, які адлічваў дні да адключэння, а міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас назваў гэты крок «апошнім этапам барацьбы за энергетычную незалежнасць».

«Мы пазбавім Расію магчымасці выкарыстоўваць электраэнергетыку як інструмент геапалітычнага шантажу», — заявіў Вайчунас.

Адзіную энергасістэму прасцей падтрымліваць у стабільным стане, бо электраэнергія пераразмяркоўваецца ў залежнасці ад попыту. Чым большая энергасістэма, тым прасцей кампенсаваць нагрузку, асабліва ў пікавыя гадзіны спажывання.

 Хоць краіны Балтыі яшчэ з 2022 года не закупляюць электраэнергію ў Расіі і Беларусі, яны да гэтага часу атрымлівалі балансуючую электраэнергію.

БРЭЛЛ патрабуе ад усіх удзельнікаў падтрымання адной частаты, якую вызначае Расія. У выпадку праблем на расійскіх электрастанцыях пацярпелі б і балтыйскія спажыўцы.

Падрыхтоўка ішла яшчэ з 2009 года, а пасля ўварвання Расіі ва Украіну працэс паскорыўся.

7 лютага заканчваецца дзейнае пагадненне БРЭЛЛ, і яго вырашылі не працягваць.

Люты выбраны таму, што ў гэты час выпрацоўваецца найбольшая колькасць электраэнергіі, менш верагодныя экстрэмальныя ўмовы надвор’я і не праводзяцца рамонтныя работы.

З 21 лініі электразлучэння з Расіяй значная частка ўжо адключана, 8 лютага адключаць астатнія.

Каля сутак энергасістэма Эстоніі, Латвіі і Літвы будзе працаваць у ізаляваным рэжыме, каб пратэсціраваць аўтаномнасць і мадэляваць магчымыя праблемы.

Увечары 9 лютага Балтыя афіцыйна далучыцца да ENTSO-E праз паветраную лінію Польшча — Літва.

Падрыхтоўка да адключэння вялася доўга і грунтоўна — мяркуецца, што спажыўцы нічога не заўважаць. Калі і будуць перабоі, то не мацнейшыя, чым падчас моцнага ветру ці буры.

Міністэрства клімату і энергетыкі Латвіі раіць зарадзіць тэлефоны і выключыць з разетак непатрэбныя прыборы, асабліва ў памяшканнях, дзе людзі знаходзяцца рэдка (напрыклад, на лецішчы).

 Эстонскія выратавальнікі раяць мець запасныя крыніцы святла і вады, а таксама настольныя гульні для забавы.

Аднак спецыялісты запэўніваюць, што адмыслова выключаць прыборы няма неабходнасці.

«Ніякай небяспекі, што нешта выйдзе са строю ў выніку адключэння, няма. Таму можна смела трымаць усе прыборы ў сетцы», — заявіў прадстаўнік эстонскага ратавальнага дэпартамента Эркі Пыльд.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула