БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Паводле новага закона небяспечным сабакам можа быць прызнаны нават шпіц

7.02.2025 / 13:38

Nashaniva.com

Закон аб адказным абыходжанні з жывёламі, які ўступіў у сілу з 1 студзеня, вызначае катэгорыі сабак-кампаньёнаў. Зараз небяспечным могуць прызнаць нават на першы погляд бяскрыўднага сабаку.

Аляксандр Лукашэнка і яго любімы шпіц Умка. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Па ранейшай класіфікацыі хатнія сабакі адносіліся альбо да «звычайных», альбо да небяспечных парод. Пералік з 40 такіх парод зацвярджаў Мінсельгасхарч.

Пасля прыняцця новага закона ўсё змянілася. Як расказаў начальнік юрыдычнага аддзела ЖЭУ №3 Першамайскага раёна Аляксей Скальдзін, з’явілася паняцце жывёл-кампаньёнаў (уключаючы сабак-павадыроў і паляўнічых). Іх можна падзяліць на некалькі падгруп, пішуць «Мінск-Навіны».

У першую ўваходзяць пародзістыя сабакі. 

У другую — небяспечныя. Такі статус атрымліваюць гадаванцы, калі яны прычыняюць шкоду жыццю або здароўю чалавека, жывёлы, што ўстаноўлена судовым пастанаўленнем або рашэннем упаўнаважанага дзяржаўнага органа.

У такім выпадку небяспечным можа быць прызнаны нават, да прыкладу, памеранскі шпіц або чыхуахуа. На ўладальніка ўскладаюцца дадатковыя абавязацельствы па іх утрыманні і праходжанні спецыяльных курсаў.

Трэцяя група — гэта тыя, што патрабуюць асаблівай адказнасці ўладальніка. Гэта сабакі пэўнай пароды, а таксама іх гібрыды і метысы, якія вызначаюцца буйнымі памерамі (рост больш за 70 см), асаблівай агрэсіўнасцю і ўключаныя ў адпаведны пералік, вызначаны ўрадам. Пакуль такі дакумент не апублікаваны, прымяняецца пералік патэнцыйна небяспечных парод сабак Мінсельгасхарчу.

Гаспадар сабакі, якая патрабуе асаблівай адказнасці, павінен за тры месяцы з моманту набыцця сабакі прайсці спецыяльныя курсы і атрымаць пасведчанне. 

«Калі ж сабака прызнаны небяспечным, яго гаспадар павінен прайсці курсы на працягу аднаго месяца з дня ўступлення сілы судовага пастанаўлення або рашэння ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа», — расказаў юрыст.

Пры гэтым у законе выкладзены толькі базавыя вызначэнні, якія слугуюць арыенцірам як для ўладальнікаў, так і для чыноўнікаў. Дэталёвыя правілы, інструкцыі, якія раскрываюць і ўдакладняюць асобныя палажэнні, яшчэ будуць прыняты. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула