БЕЛ Ł РУС

Эканоміка

Чалы пра эканоміку: Нешта не ўзлятае «дальняя дуга», відаць, яна надта дальняя

7.02.2025 / 19:39

Nashaniva.com

Эканаміст Сяргей Чалы разважае пра сумныя тэндэнцыі ў беларускім гандлі.

Сяргей Чалы. Скрын відэа: Belarus_Files / YouTube

Рост залежнасці ад Кітая

Эканаміст Сяргей Чалы ў новым выпуску сваёй праграмы «Чалы: Эканоміка» звяртае ўвагу на адмоўны баланс знешняга гандлю таварамі. Толькі за снежань 2024 года ён упаў на чвэрць у параўнанні са студзенем-лістападам.

Так, калі за 11 месяцаў адмоўны баланс быў на ўзроўні мінус 4 мільярды 242 мільёны даляраў, то на канец мінулага года, па афіцыйнай статыстыцы, ён склаў мінус 5 мільярдаў 372 мільёны даляраў. У параўнанні з 2023 годам экспарт упаў амаль на 9%.

Чалы звяртае ўвагу, што гэта адбываецца за кошт гандлю з краінамі па-за СНД. «Нешта не ўзлятае «дальняя дуга», відаць, яна надта дальняя», — заўважае эканаміст.

На погляд эксперта, мы цяпер назіраем пачатак тэндэнцыі, якая раней пачалася ў Расіі. Рынак краіны паступова запаўняюць кітайскія вытворцы. Так, беларускія перавозчыкі сталі набываць замест прадукцыі МАЗ кітайскія мікрааўтобусы Zhongtong.

У Расіі, як заўважае Чалы, упершыню за мінулы год на першым месцы па продажах новых цяжкіх камерцыйных транспартных сродкаў (HCV) апынуўся кітайскі вытворца Sitrak, які апярэдзіў КамАЗ.

«Спачатку вы карыстаецеся проста ад бязвыхаднасці кітайскім запчасткамі, потым кітайцы адчуваюць моцную рыначную ўладу на тваім уласным рынку. (…) І ты нічога Кітаю сказаць не можаш, бо ты цалкам ад яго залежыш», —

даводзіць Чалы і заўважае, што праз санкцыі Кітай перастаў інвеставаць у сумесную вытворчасць у Расіі. Замест гэтага ён перайшоў на продаж аўтатранспартных сродкаў уласнай вытворчасці.

«Роўна такая ж гісторыя адбываецца і на беларускім рынку. Мы расказваем, што без станкоў, якія мы атрымліваем з Кітая, без запчастак, з якіх мы гэта ўсё збіраем, без трансферу кітайскіх тэхналогій у нас нічога не працуе. А потым высвятляецца, што МАЗ мы зрабілі, але аўтобусы будзем закупляць кітайскія», — даводзіць Чалы.

Аналітык звяртае ўвагу на тое, што доля Расіі ў агульным гандлі Беларусі набліжаецца да 65-70% і тлумачыць сапраўдны стан рэчаў: «Вы залежыце ад рускага рынку, які цалкам залежыць ад кітайскага».

Айчынны вытворца здае пазіцыі і ва ўнутраным гандлі

«Беларусы ўсё часцей выбіраюць еўразійскае», — звяртае ўвагу Чалы на загаловак навін аб унутраным гандлі ў праўладным выданні. «Я проста ўяўляю сабе беларуса, які прыходзіць у краму і кажа: «Скажыце, а еўразійскае ў вас што-небудзь ёсць?»

Насамрэч, даводзіць аналітык, ва ўнутраным гандлі назіраецца чарговы адмоўны рэкорд. Па выніках 2024 года, удзельная вага продажу тавараў айчыннай вытворчасці арганізацыямі гандлю склала 56,4%, у тым ліку харчовых — 76,3%, нехарчовых — 37,3%.

У параўнанні з 2023-м доля беларускіх тавараў у продажах знізілася на 3%. У тым годзе яна была 59,5%.

Такое падзенне за год выглядае дзіўным, улічваючы тое, што заходні імпарт змяншаецца. «Здавалася, прыходзь, і займай нішы, якія вызваліліся».

Што ўлады маюць на ўвазе пад «еўразійскім», невядома. Магчыма, мяркуе Чалы, гэта тавары расійскай і кітайскай вытворчасці. Па статыстыцы, рост рознічнага продажу па групе кампаній, у якую ўваходзяць буйныя маркетплэйсы з расійскім і кітайскім капіталам, за 11 месяцаў 2024 года склаў без малога 36%.

«А што вы хацелі, калі вашы цэнавыя абмежаванні на іх не дзейнічаюць? У іх можна маляваць любую ўваходную цану і атрымліваць любую нацэнку ўжо ўнутры Беларусі», — заўважае эканаміст.

Чытайце таксама:

Урад вызначыўся, якой мае быць формула «справядлівага цэнаўтварэння»

Продажы новых аўтобусаў МАЗ на расійскім рынку значна знізілісяі

Працоўныя мігранты праблемы эканомікі Беларусі не вырашаць, і Лукашэнка пачаў гэта разумець. Меркаванне Чалага

Каментары да артыкула