БЕЛ Ł РУС

Свет

Барсук, які любуецца сваёй выявай у стылі Бэнксі, стаў пераможцам на конкурсе фатаграфій дзікай прыроды

6.02.2025 / 7:44

Nashaniva.com

Фатографу спатрэбілася два гады, каб атрымаўся здымак.

Барсук, які любуецца сваёй выявай у стылі Бэнксі, стаў пераможцам конкурсу «Найлепшы фатограф дзікай прыроды года 2024», які арганізуе Музей натуральнай гісторыі ў Брытаніі, піша Бі-бі-сі.

Фотаздымак быў зроблены на ціхай вуліцы ў марскім англійскім горадзе Сент-Леанардс-он-Сі брытанскім фатографам Янам Вудам.

Ян заўважыў, як барсукі выходзяць з бліжэйшай нары, каб паласавацца харчовымі рэшткамі, якія пакідаюць лісы.

«Я правёў большую частку двух гадоў, фатаграфуючы іх, і гэтая канкрэтная фатаграфія першапачаткова ўзнікла як ідэя. Я падумаў, што было б цікава намаляваць графіці і паглядзець, ці атрымаецца мне зняць барсука, які праходзіць пад ім», — распавёў ён.

Ян бачыць у сваім здымку больш глыбокі сэнс, звязаны з супярэчлівай тэмай вакол знішчэння барсукоў.

Адстрэл барсукоў выкарыстоўваецца для барацьбы з бычачымі сухотамі, аднак у Англіі гэтая практыка будзе спынена цягам наступных пяці гадоў у межах змен у сістэме барацьбы з гэтым захворваннем. Пра гэта заявіў урад летась.

Ян назваў знішчэнне барсукоў нацыянальнай ганьбай. «Я б адразу ж аддаў гэтую ўзнагароду, каб урад ануляваў усе існуючыя ліцэнзіі на адстрэл барсукоў», — дадаў ён.

25 здымкаў, намінаваных на прэмію «Народны выбар» у катэгорыі «Фатограф дзікай прыроды года», атрымалі 70 тысяч галасоў ад аматараў фатаграфіі дзікай прыроды з усяго свету.

Колькасць тых, хто галасаваў у гэтым годзе, стала рэкорднай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула