Чаму людзі з высокім IQ паводзяць сябе як дзівакі? Гэта мае навуковае тлумачэнне
3.02.2025 / 22:42
Размаўляюць самі з сабой, любяць самоту, забываюць ключы — усё гэта, і не толькі гэта, уласціва асобам з надзвычайнымі разумовымі здольнасцямі.
Часам людзі з высокім IQ дэманструюць паводзіны, якія могуць здавацца дзіўнымі і неканвенцыйнымі. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Інтэлект — паняцце складанае і шматграннае. Часам людзі з высокім IQ дэманструюць паводзіны, якія могуць здавацца дзіўнымі і неканвенцыйнымі.
Вось навуковыя тлумачэнні, якія грунтуюцца на даследаваннях, апублікаваных у такіх часопісах, як Intelligence, Psychological Studies і The Quarterly Journal of Experimental Psychology.
Творчы беспарадак
Даследаванні паказваюць, што людзі з высокім інтэлектам часта адчуваюць сябе камфортна ў неўпарадкаванай прасторы. Бардак, які для многіх асацыюецца з хаосам, на самай справе можа быць інкубатарам для творчага мыслення.
Размовы з сабой
Размаўляць з сабой можа здавацца дзіўным, але гэта дапамагае палепшыць памяць і канцэнтрацыю. Такія маналогі спрыяюць лепшай арганізацыі думак і паскарэнню пазнавальных працэсаў.
Начны лад жыцця
Людзі з высокім IQ часта аддаюць перавагу начному часу для працы або творчасці. Гэта можа быць звязана з іх патрэбай у поўнай цішыні і адсутнасці адцягвальных фактараў.
Патрэба пабыць на адзіноце
Інтэлектуалы схільныя аддаваць перавагу вольнаму часу на адзіноце, бо адзінота дае ім магчымасць для глыбейшага аналізу і крэатыўнага мыслення. Даследаванні паказваюць, што занадта актыўнае грамадскае жыццё можа негатыўна ўплываць на псіхалагічны камфорт людзей з высокім IQ.
Пастаянная цікаўнасць
Людзі з высокім інтэлектам звычайна больш дапытлівыя і задаюць шмат пытанняў. Іх натуральная цікаўнасць дапамагае ім лепш разумець свет вакол сябе.
Забыўлівасць
Здаецца парадоксам, але высокі інтэлект можа суправаджацца забыўлівасцю. Сітуацыя, калі «не памятаюць, дзе паклаў ключы», — даволі тыповая для інтэлектуалаў.
Гэта звязана з тым, што іх мозг канцэнтруецца на больш складаных задачах, адсоўваючы дробязі на другі план.
Схільнасць да сатыры і сарказму
Выкарыстанне сарказму можа быць прыкметай высокіх кагнітыўных здольнасцей. Гэта таксама спрыяе развіццю крэатыўнасці.
Шэрлак Холмс — іканічная фігура інтэлектуала-дзівака, які вядзе хаатычны лад жыцця, гадзінамі пагружаны ў роздумы і часта размаўляе сам з сабой. Скрыншот з гульні Sherlock Holmes: Le Mystère de la Momie / Frogwares / Wikimedia Commons
Ужыванне нецэнзурнай лексікі
Прынята лічыць, што нецэнзурная лексіка — праява беднага слоўнікавага запасу. У многіх выпадках гэта сапраўды так, але бываюць сітуацыі, калі адзін і той жа сімптом характэрны супрацьлеглым станам.
Інтэлектуалы — людзі з багатым слоўнікавым запасам — таксама могуць быць схільныя да нецэнзурнага самавыражэння. Гэта звязана з іх нежаданнем празмерна звязваць сябе грамадскімі нормамі і з большай шчырасцю ў камунікацыі.
Маляванне падчас размовы
Падчас дакладаў, размоў ці роздумаў інтэлектуалы любяць крэмзаць нешта на паперы. Гэта звязана з тым, што бязмэтнае крэмзанне актывуе розныя зоны мозгу, што спрыяе паляпшэнню канцэнтрацыі, падтрымлівае актыўнасць мыслення і забяспечвае лепшую каардынацыю паміж мысленнем і дзеяннямі.
Пракрастынацыя
Адкладванне спраў на пазней не абавязкова звязана з лянотай. Яно можа быць вынікам імкнення да пераасэнсавання задач і пошуку найбольш эфектыўных або інавацыйных рашэнняў, а таксама дасканалых формаў.
Любоў да абстрактнага мастацтва і інструментальнай музыкі
Людзі з высокім IQ часта цэняць мастацтва, якое патрабуе глыбокага аналізу і разумення. Яны схільныя да ўспрымання складаных канцэпцый і схаваных сэнсаў, якія могуць застацца непрыкметнымі для іншых.
Асаблівасці іх мыслення дазваляюць ім атрымліваць задавальненне ад мастацтва, што патрабуе інтэлектуальнага намагання, эмацыйнай чуйнасці і здольнасці да глыбокай рэфлексіі.
Напрыканцы сфармулюем банальную, але важную рэч: адхіленне ад нормы не заўсёды азначае нешта кепскае. Наадварот, менавіта ў ім часта хаваецца патэнцыял для прарыўных ідэй і неардынарных рашэнняў.