БЕЛ Ł РУС

Свет

АПЕК+ адмовілася павялічваць здабычу нафты насуперак закліку Трампа

3.02.2025 / 20:54

Nashaniva.com

Краіны АПЕК+ не пачулі закліку Дональда Трампа хутчэй апусціць цэны на нафту і пакінулі ў дзеянні дамоўленасць аб абмежаваннях на здабычу да канца гэтага квартала. Між тым, увядзенне Трампам мытаў на імпарт з Канады і Мексікі падштурхнула цэны нафты ўверх, піша The Moscow Times.

Генеральны сакратар АПЕК Хайсам Аль Гайс. Фота: AP Photo/Altaf Qadri

Маніторынгавы камітэт картэля і яго партнёраў, сустаршынямі якога з'яўляюцца Расія і Саудаўская Аравія, вырашыў не мяняць бягучую палітыку па здабычы нафты, паведаміла АПЕК у прэс-рэлізе.

Зніжаныя больш за два гады таму квоты на здабычу пакінутыя на бягучым узроўні, як і ўзгоднены ў снежні план па іх штомесячным павелічэнні ў перыяд з красавіка па канец 2026 года. Па словах дэлегатаў, пытанне аб закліку Трампа павялічыць пастаўкі нафты не абмяркоўвалася, піша Bloomberg.

Трамп правёў перадвыбарчую кампанію пад лозунгам «Свідруй, дзетка, свідруй», які ён паўтарыў і ў сваёй інаўгурацыйнай прамове. Ужо праз тры дні пасля заступлення на пасаду, звяртаючыся па відэасувязі да ўдзельнікаў Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе, ён зноў паведаміў пра намер адпусціць цэны на нафту і заклікаў да гэтага краіны АПЕК:

«Я збіраюся папрасіць Саудаўскую Аравію і АПЕК знізіць цану нафты. Яе трэба знізіць. Шчыра кажучы, я здзіўлены, што яны не зрабілі гэтага да выбараў [у ЗША]».

Па словах Трампа, калі нафта патаннее, цэнтрабанкі па ўсім свеце «неадкладна» знізяць працэнтныя стаўкі. Тэзіс пра празмерную дарагоўлю нафты фігураваў і ў ягоных выказваннях пра вайну ва Украіне:

«Цана цяпер дастаткова высокая, каб гэтая вайна працягвалася. Трэба знізіць цану на нафту, і гэта спыніць вайну… Гэта безадказна, што дагэтуль гэтага не зрабілі. Мы апусцім цэны на нафту, і Расія адразу спыніць вайну з Украінай».

Вандала Хары, заснавальніца сінгапурскай Vanda Insights, сказала ў каментарыі Bloomberg:

«Я не чакаю, што АПЕК+ прыслухаецца да патрабаванняў або просьбаў Трампа, як іх ні назаві. АПЕК+ распрацоўвае стратэгію паставак вельмі-вельмі старанна, вельмі тонка падладжваючы яе [пад сітуацыю на рынку]».

У мінулым годзе, каб падтрымаць цэны на нафту, альянс нафтаздабываючых краін тройчы адкладаў рэалізацыю плана па павелічэнні здабычы. Цяпер ён разлічвае штомесяц нарошчваць яе, пачынаючы з красавіка, на 120 000 барэляў за дзень і да канца года вярнуць на рынак агулам 2,1 млн барэляў.

Але хоць картэль у сваёй заяве звярнуў увагу на моцныя фундаментальныя паказчыкі рынку і чаканне аднаўлення попыту на нафту з красавіка, многія эксперты сумняваюцца ў такім развіцці падзей. Эканоміка Кітая расце павольна і імкліва пераходзіць на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, пры гэтым здабыча ў краінах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі расце.

Паводле ацэнкі Міжнароднага энергетычнага агенцтва, у 2025 годзе на сусветным рынку ўтворыцца лішак у памеры 750 000 барэляў у суткі, нават калі АПЕК+ не наросціць здабычу. Па гэтай прычыне Citigroup і JPMorgan Chase прагназуюць, што ён зноў адмовіцца ад планаў павялічыць квоты.

Чытайце таксама:

ЗША на месяц прыпыняць увядзенне мытаў на мексіканскія тавары

Трамп паабяцаў увесці мыты на тавары з ЕС

Трамп пачаў гандлёвую вайну з Канадай, Мексікай і Кітаем

Дональд Трамп заявіў пра ўдар па «аб'ектах тэрарыстаў» у Самалі

Адміністрацыя Трампа хоча, каб ва Украіне сёлета прайшлі выбары

У Белым доме пачалі абмяркоўваць закрыццё USAID як незалежнага агенцтва

Каментары да артыкула