«Я вас, баранаў, рэзаў і буду рэзаць». Дзевяць разоў судзімы найміт вярнуўся з украінскага палону і забіў хлопца былой жонкі
3.02.2025 / 17:54
Мужчына завербаваўся на вайну з калоніі, трапіў у палон, вярнуўся ў Расію ў выніку абмену і зноў трапіў у турму.
Арцём Сычоў. Фота з сацсетак / «Вёрстка»
Былы найміт ПВК «Вагнер» Арцём Сычоў быў дзевяць разоў судзімы за крадзяжы, рабаванне, махлярства, пабоі, прычыненне шкоды і забойства. На волю ён выйшаў пасля таго, як завербаваўся на вайну. Там ён трапіў у палон, вярнуўся на радзіму ў выніку абмену і зноў здзейсніў забойства.
Суд у пермскай Дабранцы прысудзіў Сычова да 10 гадоў калоніі строгага рэжыму за забойства сужыцеля сваёй былой жонкі, піша «Вёрстка».
Сычоў расказваў, што прыехаў у госці да сваёй былой жонкі і разам з ёй і яе сужыцелем Максімам выпіваў на кухні. Астатняе ён памятае цьмяна, таму што быў п'яны.
Былая жонка Сычова расказала, што выйшла на некалькі хвілін закінуць у лазню дроў. Вярнуўшыся, яна заўважыла на падлозе плямы крыві, якія вялі з кватэры на вуліцу. Выбегшы з дому, жанчына ўбачыла Максіма, які ляжаў на зямлі. Сычоў стаяў над ім і трымаў ягоную галаву, і «як яна зразумела, спрабаваў перарэзаць яму горла».
Жанчына падбегла і адштурхнула Сычова, які заявіў ёй, што «я вас, баранаў, рэзаў і буду рэзаць». Максім да гэтага моманту быў ужо без прытомнасці. Параненага мужчыну на хуткай адвезлі ў бальніцу, але на наступны дзень ён памёр.
Па словах сына жанчыны, Сычоў раззлаваўся на Максіма за тое, што ён пацалаваў пры ім ягоную былую жонку. Эксперты ўстанавілі, што «вагнеравец» нанёс ахвяры не менш за пяць удараў нажом у твар, грудзі, шыю і падпахавую вобласць.
У якасці змякчальных абставін суд прызнаў удзел Сычова ў вайне супраць Украіны ў якасці добраахвотніка ПВК «Вагнер», а таксама дзяржаўныя і ведамасныя ўзнагароды, і прысудзіў яго да 10 гадоў калоніі строгага рэжыму. Таксама забойцу абавязалі выплаціць 1 млн рублёў (каля 10 тысяч даляраў) маральнай кампенсацыі на карысць маці загінулага.
Пры гэтым у прысудзе гаворыцца, што Сычоў «не судзімы». Звычайна гэта сведчыць пра тое, што былы зняволены атрымаў памілаванне пасля таго, як завербаваўся на вайну ва Украіне.
У 2006-2016 гадах Сычоў быў восем разоў судзімы за крадзяжы, махлярства, рабаванне, угон, пабоі, наўмыснае прычыненне лёгкай, сярэдняй і цяжкай шкоды. А ў 2021 годзе пермскі суд прысудзіў яго да 7,5 гадоў строгага рэжыму за забойства.
Тады жонка паведаміла яму пра жаданне развесціся і з'ехала, а Сычоў выпіў і пасварыўся з пенсіянеркай, у якой часова жыў разам з жонкай. Пасля гэтага ён ударыў жанчыну злева ў падпаху і пашкодзіў ёй сэрца. Ступень іх сваяцтва ў пастанове суда не адзначалася, але сам ён называў загінулую «бабуляй».
Мяркуючы па ўсім, пасля гэтага ён завербаваўся на вайну ва Украіне. На фронце Сычоў трапіў ва ўкраінскі палон: у студзені 2023 года праект «НЕ ЧАКАЙ мяне з Украіны» апублікаваў ягонае фота.
У Расію Сычоў мог вярнуцца ў выніку абмену 31 студзеня 2024 года. Тады Украіна перадала 195 палонных, большасць з якіх былі былымі зняволенымі. Пермскі амбудсмен тады казаў, што сярод васьмі вайскоўцаў з Пермскага краю, якія вярнуліся ў выніку абмену, ёсць у тым ліку жыхар Дабранкі.