БЕЛ Ł РУС

Надвор'е

Які горад у Беларусі самы сонечны?

31.01.2025 / 11:3

Nashaniva.com

Метэаролагі назвалі таксама горад, дзе ясных дзён было найменш.

Статыстыкай па выніках мінулага года з Office Life падзяліліся метэаролагі.

У якім горадзе радзей за ўсё фіксуюць сонца

Інжынер-метэаролаг аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду даных Белгідрамета Ганна Недабега звяртае ўвагу, што ў метэаролагаў няма паняцця «сонечны дзень». Але ёсць — «дзень без сонца». Гэта калі на працягу дня адсутнічалі паказанні датчыка ці не было прапалу на стужцы геліёграфа. Такія звесткі збіраюць 13 метэастанцый у краіне.

Калі абапірацца строга на гэтую інфармацыю, то самым сонечным горадам летась у Беларусі быў Мінск. За студзень-кастрычнік 2024 года ў сталіцы было ўсяго 44 дні без сонца.

У Верхнядзвінску людзі пражылі 65 дзён без сонца.

У сярэднім са студзеня па кастрычнік 2024-га ў Беларусі метэаролагі назіралі 54 дні без сонца.

З часам колькасць дзён без сонца меншае. На працягу 1966-1990 гадоў у краіне назіралі ў сярэднім па 106 дзён без сонца ў год, а ўжо з 1991-га па 2023-ы — 96 дзён.

Найбольшая працягласць сонечнага ззяння ў Мінску была ў 2019 годзе. У той год сонца знаходзілася над гарызонтам і воблачнасцю 2031 гадзіну. Найменшая — у 1977 годзе. Гаворка ідзе пра 1443 гадзіны.

Колькі ў годзе ясных дзён?

Са студзеня па кастрычнік 2024 года ў Беларусі было 88 ясных дзён. Гэта дні, якія адносяць да дзён ніжняй воблачнасці. Навуковай мовай: гэта такі перыяд, калі над зямлёй — аблокі ніжняга яруса з лімітавай вышынёй верхняй мяжы каля 2 тысяч метраў.

Больш за ўсё ясных дзён за справаздачны перыяд 2024 года было на метэаралагічнай станцыі Мазыр — 137 ясных дзён. Менш за ўсё — на станцыі Барысаў. Гаворка ідзе пра 57 дзён.

З часам колькасць ясных дзён расце. За перыяд з 1966 па 1990 год у Беларусі назіралася 70 ясных дзён, а з 1991 па 2023 год — 76.

З 1966 па 2023 год больш за ўсё ясных дзён было ў 2014 годзе. Тады іх налічвалася 108.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула