БЕЛ Ł РУС

Гісторыя

Археолагі знайшлі раней невядомую сталіцу дзяржавы сапатэкаў

31.01.2025 / 19:43

Nashaniva.com

Пахаваны пад тоўшчай джунгляў і зямлі горад на тэрыторыі сучаснай Мексікі першапачаткова падаваўся звычайнай вайсковай крэпасцю, але аказаўся велізарным палітычным цэнтрам старажытнай сапатэкскай цывілізацыі з шырока развітай сеткай унутраных дарог, доўгімі сценамі і больш за тысячай пабудоў. 

Сапатэкская фігурка (злева) і карта знойдзенай сапатэкскай сталіцы Гуенгола. Фота: Vecteezy, Pedro Guillermo Ramón Celis / McGill University

Закінуты населены пункт Гуенгола (што ў цэнтральнай частцы Мексікі), які дагэтуль лічыўся звычайным вайсковым фарпостам старажытнай цывілізацыі сапатэкаў, аказаўся велізарным (па мерках Сярэднявечча) горадам, які займае 360 гектараў зямлі (як восем Ватыканаў) і ўтойвае ў сабе больш за 1100 збудаванняў.

Высветліць гэта ўдалося дзякуючы тэхналогіі дыстанцыйнага лазернага зандзіравання — лідара. Лідар выкарыстоўвае імпульсныя лазерныя прамяні для атрымання дакладнага трохмернага тапаграфічнага малюнка мясцовасці, асабліва пад густым лясным покрывам, паведамляе канадскі дзяржаўны навукова-даследчы ўніверсітэт Макгіла, чые археолагі і знайшлі сапатэкскі горад.

Гуенгола, як сведчыць новае даследаванне, была створаная ў 1440 годзе нашай эры і ў самым пачатку задумвалася як вайсковы фарпост для супрацьстаяння ацтэкам і іншым мезаамерыканскім плямёнам. Але потым горад разросся, завёўшы развітую сетку ўнутраных дарог, некалькі шматкіламетровых ліній сцен, а таксама піраміды, храмы, палацы, адміністратыўныя будынкі, разнастайныя грамадскія прасторы, спартовыя пляцоўкі і нават уласны рачны порт.

Эліта, гандляры, рамеснікі і простанароддзе жылі ў розных раёнах горада (Гуенгола мела 5 жылых зонаў, без уліку рачнога комплексу).

Карта Гуенголы. Фота: Pedro Guillermo Ramón Celis / McGill University

«Архітэктура Гуенголы паказвае, што яна служыла стратэгічным месцам для дзяржаўнай эліты сапатэкскай цывілізацыі, палягчаючы іх шлюбныя саюзы і забяспечваючы надзейную схованку ад знешніх пагроз. Апроч таго, планаванне горада адметнае ягонымі шырокімі жылымі раёнамі, якія дэманструюць моцнае перапляценне цэнтралізаванай гарадской улады з простанароднымі супольнасцямі.

Мае высновы сведчаць пра тое, што Гуенгола была палітычнай сталіцай, з вялікім узроўнем эканамічнай актыўнасці, моцнай адміністрацыяй і складанай сацыяльнай арганізацыяй. У горадзе былі ўсе атрыбуты, характэрныя для аўтаномнай дзяржавы, а насельніцтва мела ўласную сістэму іерархіі, дзе залежныя людзі былі адданыя сваім гаспадарам», — кажа Пэдра Гільерма Рамон Сэліс, галоўны аўтар даследавання.

Па яго словах, горад нечакана добра захаваўся, дамы ўсё яшчэ стаяць: можна ўбачыць іх дзверы, калідоры, агароджы. Такім чынам, лёгка ідэнтыфікаваць жылыя раёны. «Горад быццам застыў у часе да таго моманту, пакуль не адбыліся глыбокія культурныя змены, выкліканыя прыходам іспанцаў», — адзначае даследчык.

Паводле апошніх даных з археалагічнага даследавання Пэдра Гільерма Рамона Сэліса, сапатэкі канчаткова закінулі Гуенголу прыкладна ў 1521 годзе, калі ў Цэнтральную Амерыку толькі пачалі актыўна прыплываць іспанскія каланісты і канкістадоры. Сапатэкі перабраліся ў суседні горад Тэуантэпек (сучасны мексіканскі Санта-Дамінга), які стаў апошняй сталіцай сапатэкскай цывілізацыі перад поўным заваяваннем рэгіёна іспанцамі.

Тэрыторыі, якія кантралявала сапатэкская цывілізацыя на піку сваёй магутнасці (15 стагоддзе) перад прыходам іспанскіх канкістадораў. Жоўтымі зорачкамі пазначаныя Гуіенгала і яшчэ адна сапатэкская сталіца — горад Саачыла, адкуль і прыйшлі сапатэкскія каланісты, якія заснавалі Гуіенгалу. Фота: Pedro Guillermo Ramón Celis / McGill University

Дакладнае месцазнаходжанне сапатэкскай сталіцы Гуіенгала (пазначана жоўтай зорачкай). Побач з ім — мексіканскі горад Санта-Дамінга-Тэуантэпек, адміністратыўны цэнтр штата Аахака. Тэуантэпек быў апошняй сталіцай сапатэкскай цывілізацыі перад поўным заваяваннем рэгіёна іспанцамі. Фота: Pedro Guillermo Ramón Celis / McGill University

Чытайце таксама:

Як выглядае раскошны спа-комплекс часоў Рымскай Імперыі? ФОТЫ

Археолагі знайшлі запоўненую скарбамі грабніцу сына першага імператара Кітая

Ці пазнаеце беларускія гарады і мястэчкі па іх славутасцях? Тэст

Каментары да артыкула