БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Былую каралеўскую сядзібу ў Гродне набыла царква «Слова Божае»

30.01.2025 / 16:47

Nashaniva.com

Пераможцам аўкцыёну па продажы часткі былой каралеўскай сядзібы Панямунь стала царква «Слова Божае» хрысціян веры евангельскай. Пра гэта ў інстаграме паведаміў яе пастар Віктар Буслаеў, піша Reform.news.

Палац у Панямуні. Фота: Hrodna.life

Царква «Слова Божае» ўтварылася ў Гродне шэсць з паловай гадоў таму. За гэты час колькасць прыхаджан вырасла і царква мела патрэбу ў сваім будынку.

Цяпер царкве неабходна 56 тысяч рублёў для аплаты аўкцыёну. Фінансы патрэбныя і для рамонту сядзібы. Віктар Буслаеў абвясціў збор грошай.

Упершыню сядзібу выставілі на аўкцыён у красавіку 2023 года — тады стартавая сума лота склала 374 тысячы рублёў. Пасля таго адбыліся яшчэ некалькі таргоў, ахвотных набыць нерухомасць не знаходзілася.

Будынак прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю — пакупніку дазволена размяшчаць там культурна-асветніцкую ўстанову. Царква будзе выкарыстоўваць будынак для правядзення служэнняў, таксама пры ёй працуе нядзельная школка.

Летні палац караля Рэчы Паспалітай Панятоўскага ў Панямуні пабудаваў у 1771 годзе ў стылі позняга барока італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Там месцілася загарадная рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У XIX стагоддзі належаў Друцкім-Любецкім, пазней Ляхніцкім.

Пасля 1945 года ў памяшканнях доўгі час знаходзіўся клуб мясцовай «Сельгастэхнікі». Там былі кіназала і бібліятэка.

Палац некалі быў каменным, але ад яго захаваўся толькі фрагмент кутняй вежы. Разбураныя каменныя сцены былі пазней адбудаваныя з дрэва.

Сядзіба Панямунь у Першую сусветную вайну. Фота з калекцыі Фелікса Варашыльскага, commons.wikimedia.com

Першапачатковы выгляд палаца невядомы. Да нашых часоў дайшлі больш познія яго выявы канца XIX стагоддзя на малюнках Напалеона Орды і шматлікіх фотаздымках.

Чытайце таксама:

Палац апошняга караля Рэчы Паспалітай у Гродне прадалі з трэцяй спробы

Каралеўскую сядзібу Панятоўскага ў Гродне прадаюць танней за старую аднапакаёўку

Цана былой каралеўскай рэзідэнцыі ў Гродне за два месяцы ўпала ў два разы. Ніхто не хоча купляць

У Гродне можна набыць сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітай

Каментары да артыкула