Трамп заклікаў да стварэння сістэмы «Жалезны купал» над ЗША
28.01.2025 / 8:24
Сістэма супрацьракетнай абароны «Жалезны купал» паспяхова выкарыстоўваецца Ізраілем для адбіцця знешніх паветраных атак.
«Жалезны купал» перахоплівае атаку з Лівана над раёнам Галілеі 4 жніўня 2024 года. Фота: Leo Correa / AP
Прэзідэнт Дональд Трамп заявіў у панядзелак, што падпіша ўказ аб пачатку будаўніцтва ў ЗША сістэмы супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал», падобнай да той, якую Ізраіль выкарыстоўвае для перахопу тысяч ракет, піша «Голас Амерыкі».
«Мы павінны неадкладна пачаць будаўніцтва сучаснага супрацьракетнага шчыта «Жалезны купал», які зможа абараніць амерыканцаў», — сказаў Трамп на выязным пасяджэнні рэспубліканскага кангрэса ў Маямі.
Па словах Трампа, сістэма «будзе зробленая менавіта тут, у ЗША».
Выступаючы ў дзень уступлення на пасаду новага міністра абароны Піта Хегсэта, Трамп паведаміў, што гэта адно з чатырох яго будучых распараджэнняў, разам з указам, які забараняе «трансгендарную ідэалогію» ў войску.
Падчас перадвыбарчай кампаніі 2024 года Трамп неаднаразова абяцаў стварыць для Злучаных Штатаў аналаг ізраільскай сістэмы «Жалезны купал». Аднак гэтая сістэма прызначаная пераважна для пагроз малой далёкасці, што робіць яе малаэфектыўнай для абароны ад міжкантынентальных ракет, якія з'яўляюцца галоўнай пагрозай для ЗША.
Ізраіль выкарыстоўваў гэтую сістэму для збівання ракет, запушчаных яго рэгіянальнымі праціўнікамі — ХАМАС у сектары Газа і «Хезбалой» у Ліване — пасля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка.
«Яны збіваюць практычна кожную з гэтых ракет, — сказаў Трамп. — Таму я лічу, што Злучаныя Штаты таксама маюць на гэта права».
Сістэма «Жалезны купал» была распрацаваная Ізраілем пры падтрымцы ЗША. Яна спецыялізуецца на збіванні ракет малой далёкасці. З пачатку яе эксплуатацыі ў 2011 годзе з дапамогай гэтай сістэмы былі выяўленыя і перахопленыя тысячы ракет, уключаючы апошнія атакі ХАМАС і «Хезбалы». Ізраіль сцвярджае, што каэфіцыент паспяховасці яе працы складае больш за 90%.