БЕЛ Ł РУС

Нерухомасць

Дзяўчына арандавала на дзень народзінаў замак пад Мінскам — і ўзарвала тыкток

28.01.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Каментатары жартуюць, што так звычайна пачынаюцца фільмы жахаў: «Кампанія сяброў паехала ў стары замак адсвяткаваць дзень народзінаў…».

Фота: «Куфар»

Што і казаць: назваць арандаваны дом проста катэджам не выпадае — гэта замак. Але не старажытны, канечне — з’явіўся ён у постсавецкія гады. У вёсцы Прымор’е, што ля Мінска, сучасных замкаў ажно некалькі.

Увогуле, у вёсках Прымор'е, Сёмкава і Сёмкаў Гарадок, якія адносяцца да Папярнянскага сельсавета, самая высокая канцэнтрацыя ў Беларусі замкаў постсавецкай эпохі. Некаторыя з іх так і засталіся стаяць недабудаванымі, іншыя год за годам страчваюць прэзентабельны выгляд (утрымліваць замак — вельмі дарагое хобі). Ёсць і будынкі, у якія ўклалі значныя сумы грошай і правялі рэканструкцыю.

Адзін з такіх замкаў, якія памятаюць добрыя часы жыцця сваіх уладароў, і арандавала праз «Куфар» мінчанка, каб адсвяткаваць дзень народзінаў. Яна пажартавала, што правядзе разам сябрамі 24 гадзіны ў кампаніі мясцовых прывідаў.

Знешні выгляд замка ўразіў шмат каго. За дзень ролік дзяўчыны ў тыктоку набраў 750 тысяч праглядаў і 80 тысяч лайкаў. У каментарыях жартавалі, што з такіх відэа часта пачынаюцца фільмы жахаў: «Потым нехта з тваіх сяброў знікае. Вы пачынаеце яго шукаць, і ў працэсе выяўляеце дзіўныя рэчы. І разумееце, што не адны ў гэтым доме».

Дзяўчыне раілі памятаць галоўнае правіла такога кіно: па законах жанру аператары не паміраюць ніколі. То-бок калі пачынае адбывацца нешта дзіўнае, лепш быць не ў кадры, а з камерай.

«Наша Ніва» адшукала на «Куфары» аб'яву аб здачы ў арэнду гэтага самага дома.

Унутры ён выглядае нашмат больш сціпла, чым звонку. Царскіх інтэр'ераў вы тут не ўбачыце. Рамонт у пакоях нагадвае пра тое, што было модна ў нулявыя.

А ў пакоі, дзе праходзяць святы, да доўгага стала прыстаўлены самыя звычайныя школьныя крэслы. Дызайн у спальнях адсутнічае — там стаіць адзін або некалькі двухспальных ложкаў (часам яшчэ скураныя крэслы-монстры).

Затое ў гасцінай радуе вялікі камін і раяль.

Гэтак жа, як у любым прыстойным замку, ёсць аранжарэя. Прыемны бонус — лазня, наведванне якой уключана ў кошт пражывання.

Арандаваць замак каштуе 650 рублёў за суткі. Кошт актуальны пры ўмове, што будзе менш за 10 чалавек. А тэарэтычна тут можа змясціцца да 40 гасцей. Блогерка заплаціла 950 рублёў за 14 чалавек.

Чытайце таксама:

У сялянскай хаце або ў замку. Дзе ў Беларусі можна пажыць у гістарычным будынку і колькі гэта каштуе?

Блогеры пажылі ва ўсіх палацах і замках Беларусі і склалі свой рэйтынг з цэнамі

Вядомая беларуская бізнэсвумэн — і жонка праўладнага блогера-мільённіка — шукае арандатараў для свайго катэджу. Кошт ваў!

Каментары да артыкула