«Гэта разумее нават Зянон Пазняк». БелТА выпусціла артыкул з кампліментамі старой апазіцыі
22.01.2025 / 13:52
Старую і новую апазіцыю супрацьпаставіў на БелТА старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Бузін. Выбар прадстаўніка ўлады — на карысць старой гвардыі.
Бузін кажа, што мэта сучаснай беларускай апазіцыі — «фарміраванне асабістага раю за кошт нашых грамадзян». Паводле яго слоў, «гэта разумее старая беларуская апазіцыя, якая мае іншы, адрозны ад нашага цяперашняга курсу, погляд на развіццё краіны».
«У прыватнасці, Зянон Пазняк, які ў нядаўнім інтэрв'ю на YouTube заявіў, што неабходна «ўступаць у перамовы» і дамагацца зняцця санкцый з Беларусі, у першую чаргу з «Белавія», — кажа ён.
«Пазняк лічыць, што цяперашняя апазіцыя сваімі дзеяннямі толькі шкодзіць беларускаму народу. Паводле яго слоў, Еўрасаюз шляхам эканамічных санкцый праводзіць паслядоўную палітыку знішчэння Беларусі, а «ўсе гэтыя спадары шольцы і іншыя» выдатна разумеюць, што робяць, і падтрымку ім аказваюць офісы так званай сучаснай апазіцыі. «Каго вы душыце? Сваю дзяржаву, свой народ!»— цытуе словы Пазняка БелТА.
Бузін кажа, што «лідары старой беларускай апазіцыі больш адэкватна ўспрымаюць сучасную палітычную рэчаіснасць, чым тыя, хто сёння спрабуе з-за мяжы дыктаваць нам, як жыць далей».
«Санкцыі супраць уласнага народа, барацьба за гранты — гэта шлях у нікуды, які не можа сабе дазволіць ні адзін адэкватны палітык. Палітыка не можа ісці насуперак з інтарэсамі народа. Менавіта народ вырашае, якая ўлада яго задавальняе і якіх лідараў ён выбірае. Гэта разумее нават Зянон Пазняк. Але гэтага не разумеюць тыя людзі, якія сёння спрабуюць гаварыць ад імя беларускага народа», — сцвярджае Бузін.