Дабратвор збіраецца ладзіць у Варшаве пікеты ў падтрымку Канапацкай
6.01.2025 / 9:0
Ён хоча аб'яднацца ў гэтым з «нармальнымі польскімі партыямі» — напрыклад, ультраправай «Канфедэрацыяй», піша «Белсат».
Ілья Дабратвор. Фота: facebook.com / ilia.gsm
Колішні актывіст Партыі БНФ і супрацоўнік прарасійскага рэсурсу «Політрінг», бацька пяці дзяцей, а цяпер польскі таксіст Ілля Дабратвор расказаў, якую палітычную актыўнасць будзе ладзіць у Варшаве. Ён цяпер давераная асоба Ганны Канапацкай, таму хоча апраўдаць свой статус.
Дабратвор ведае, што беларусы замежжа не могуць галасаваць, але вінаваціць у гэтым польскі бок. Маўляў, «гэта была іх ініцыятыва».
Натуральна, Дабратвор хлусіць — рашэнне не адкрываць участкі за мяжой прыняў беларускі Цэнтрвыбаркам, прычым не толькі ў Польшчы, а ўвогуле нідзе ў свеце.
Тым не менш таксіст плануе зладзіць пікеты ў Варшаве і прапанаваць польскім уладам зняць санкцыі з Беларусі:
«Можа, з «нармальнымі» польскімі партыямі (напрыклад, з «Канфедэрацыяй») зробім пікет у цэнтры Варшаве, каб звярнуць увагу на гэтую праблему. Польскія ўлады першымі павінны «закінуць той мяч» і зняць санкцыі, якія б’юць не па ўладзе, а па простых беларусах», — каментуе Дабратвор.