БЕЛ Ł РУС

Кіно

У новым заходнім блакбастары з зоркай серыяла «Ход каралевы» знайшлося месца Беларусі

9.12.2024 / 15:25

Nashaniva.com

Апошнім часам заходнія кіношнікі рэгулярна згадваюць Беларусь у сваіх сцэнарах. Чарговы такі выпадак — фільм «Цясніна» (The Gorge), які выходзіць у наступным годзе.

Фота: кадр з трэйлера

«Цясніна» — гісторыя пра двух прафесійных снайпераў, якіх адпраўляюць ахоўваць супрацьлеглыя бакі велізарнай цясніны. Нягледзячы на адлегласць, паміж імі ўзнікаюць пачуцці, але галоўная праблема — даць рады злу, што знаходзіцца ў цясніне паміж імі.

Днямі выйшаў трэйлер стужкі, і, мяркуючы па ім, у гэтай гісторыі знайшлося месца Беларусі. У пачатку трэйлера нехта — верагодна, галоўная гераіня — глядзіць праз прыцэл зброі, на самалёт з беларускім дзяржаўным сцягам на корпусе. З самалёта выходзіць амаль лысы мужчына ў касцюме разам з жанчынай у белай сукенцы і на абцасах. Іх сустракаюць ахоўнікі і машыны, да адной з якіх прымацаваныя беларускія дзяржаўныя сцягі — выглядае, што гэта сустрэча важнага госця, магчыма, нейкага палітыка, і адбываецца ўсё на тэрыторыі нашай краіны.

Далей у трэйлеры мы бачым амерыканскую вайсковую базу і ўласна цясніну, дзе адбываюцца галоўныя падзеі. Падобна, што кадры з Беларуссю — эпізод з жыцця аднаго з герояў, што здарыўся перад тым, як яны сустрэліся ў гарах.

У «Цясніны» зайздросны акцёрскі склад. Галоўную гераіню грае Аня Тэйлар-Джой — зорка шахматнага серыяла «Ход каралевы», якая паспела паказаць сябе і ў вялікім кіно, а ў ролі другога плану з’явіцца галівудская легенда Сігурні Уівер. Прэм’ера стужкі запланаваная на 14 лютага 2025 года на Apple TV+.

Чытайце таксама:

Рэжысёр Сяргей Лазніца расказаў, як ствараўся фільм «У тумане» і чаму яго цэнзураваў Мінкульт

«Канклаў». Драма, якая тонка даследуе межы грэшнасці чалавека, але кансерватыўную публіку чакае шок

«Ерэтык»: у беларускім пракаце ідзе топавы хорар з высокадухоўнымі дыскусіямі

Каментары да артыкула