Башар Асад шукае кантактаў з ЗША для атрымання гарантый бяспекі — Bloomberg
7.12.2024 / 23:5
Башар Асад сігналізуе ЗША пра гатоўнасць дасягнуць пагаднення, якое дазволіць яму ўтрымаць тэрыторыю, кантраляваную ягонай арміяй, ці гарантаваць яму бяспечны ўцёкі. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы ў Сірыі.
Фота: AP Photo/Ghaith Alsayed
Крыніцы сцвярджаюць, што адна з прапаноў, якую Асад зрабіў ЗША праз Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, заключаецца ў тым, каб Сірыя спыніла ўсялякае супрацоўніцтва з праіранскімі ваенізаванымі групоўкамі кшталту «Хезбалы», калі заходнія дзяржавы акажуць уплыў, каб спыніць баявыя дзеянні.
Таксама Асад нібыта адправіў высокапастаўленага хрысціянскага лідара на сустрэчу з прэзідэнтам Венгрыі Віктарам Орбанам, каб паведаміць пра экзістэнцыйную пагрозу для хрысціянскай меншасці Сірыі ў выпадку перамогі ісламістаў. Віктар Орбан мусіў бы давесці гэтую інфармацыю да абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, з якім у яго добрыя стасункі.
Раней CNN паведаміў, што сірыйскі лідар нібыта знік са сталіцы, яго не могуць знайсці.
Між тым апазіцыйныя паўстанцы, якія змагаюцца з вернымі Асаду войскамі, ужо знаходзяцца на ўскраінах Дамаска.