Трамп вылучыў Марка Рубіа на пасаду дзяржсакратара
14.11.2024 / 7:52
Рубіа ў нядаўніх інтэрв'ю заявіў, што Кіеў павінен шукаць магчымасці для ўрэгулявання канфлікту шляхам перамоў з Расіяй
Дональд Трамп і Марк Рубіа. Фота: Evan Vucci / AP
Абраны прэзідэнт Дональд Трамп заявіў у сераду пра вылучэнне сенатара-рэспубліканца Марка Рубіа, старэйшага члена Камітэтаў па міжнародных справах і разведцы, на пасаду дзяржаўнага сакратара, піша Голас Амерыкі.
«Ён будзе моцным абаронцам нашай краіны, сапраўдным сябрам нашых саюзнікаў і бясстрашным воінам, які ніколі не адступіць перад нашымі ворагамі», — гаворыцца ў заяве Трампа.
Той факт, што Трамп намінаваў Рубіа на пасаду кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамента, можа змякчыць занепакоенасць саюзнікаў ЗША адносна таго, што адміністрацыя Трампа можа аслабіць сваю ролю ў глабальных альянсах, уключаючы NATO, улічваючы яго больш ізаляцыянісцкі падыход да міжнароднай палітыкі.
Рубіа вядомы як прыхільнік жорсткай лініі ў адносінах да Кітая, адкрыты крытык камуністычнага ўрада Кубы і актыўны прыхільнік Ізраіля. Раней ён выступаў за больш рашучую знешнюю палітыку ЗША ў адносінах да геапалітычных праціўнікаў Амерыкі, хоць апошнім часам яго погляды ўсё больш супадаюць з падыходам Трампа «Амерыка перад усім».
У красавіку ён быў адным з 15 рэспубліканскіх сенатараў, якія прагаласавалі супраць буйной праграмы ваеннай дапамогі, якая павінна была дапамагчы Украіне супрацьстаяць Расіі і падтрымаць іншых партнёраў ЗША, уключаючы Ізраіль. Трамп крытыкаваў працяглую ваенную дапамогу Украіне, якую аказваў дзейны прэзідэнт-дэмакрат Джо Байдэн, у яе барацьбе з расійскімі захопнікамі.
Рубіа ў нядаўніх інтэрв'ю заявіў, што Кіеў павінен шукаць магчымасці для ўрэгулявання канфлікту шляхам перамоў з Расіяй, а не засяроджвацца на вяртанні ўсіх тэрыторый, захопленых Масквой за апошняе дзесяцігоддзе.
Што тычыцца вайны ў Газе, як і Трамп, Рубіа катэгарычна падтрымлівае Ізраіль, называючы ХАМАС тэрарыстычнай арганізацыяй, якую неабходна знішчыць, і заяўляючы, што роля Амерыкі заключаецца ў забеспячэнні Ізраіля ваеннымі матэрыяламі, неабходнымі для дасягнення ваенных мэт.
Акрамя таго, Трамп сёння абвясціў пра яшчэ два важныя намінацыі. Былая кангрэсменка, падпалкоўнік Тулсі Габард, зойме пасаду дырэктара Нацыянальнай разведкі (DNI).