Стратнае прадпрыемства падарыла бус гомельскаму АМАПу — «з улікам дзяржаўнай важнасці»
4.07.2024 / 13:30
Да афіцыйнага Дня незалежнасці Тураўскі малочны камбінат перадаў пасажырскі аўтобус падраздзяленню УУС Гомельскага аблвыканкама, піша «Флагшток».
Фота: «Гомельская праўда»
Транспартны сродак мае кандыцыянер, умяшчае 16 чалавек і будзе выкарыстаны для перавозкі асабовага складу, паведаміла газета аблвыканкама са спасылкай на дэпутата парламента Валянціна Байко — праўладнага бізнесмена, які ў 2016 годзе стаў уладальнікам кантрольнага пакета акцый Тураўскага малочнага камбіната.
Паводле яго слоў, «рашэнне аб умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы прынята з улікам дзяржаўнай важнасці і грамадскай значнасці задач, якія выконваюцца байцамі АМАПа па забеспячэнні аховы грамадскага парадку і маёмаснай бяспекі грамадзян Гомельскай вобласці, якія ўзнікаюць на тэрыторыі прыгранічных раёнаў рызык».
Валянцін Байко (справа). Фота: «Гомельскія ведамасці»
Як гомельскі АМАП будзе дапамагаць ахоўваць мяжу, дэпутат не патлумачыў. Але заявіў, што рашэнне аб набыцці аўтобуса для сілавікоў было прынята на нядаўнім сходзе акцыянераў прадпрыемства. Падораны бус — беларускай вытворчасці. Па масавых «хапунах» у 2020 годзе гамяльчане ведаюць, што раней амапаўцы часта перамяшчаліся на мікрааўтобусах Ford Transit.
Фота: «Гомельскія ведамасці»
У публікацыі таксама сцвярджаецца, што такі жэст — «паказальны прыклад, як паспяховае прадпрыемства клапоціцца аб праваахоўніках».
Аднак вядома, што Тураўскі малочны камбінат знаходзіцца ў перадбанкрутным стане — паспяховым яго ніяк не назавеш. Як расказваў «Флагшток», адной з прычын фінансавага крызісу сталі праблемы з пастаўкамі прадукцыі ў Расію. Чыстая страта па выніках года 2023 года склала 40,4 млн BYN.