Бондарава назвала нявестку Лукашэнкі бэчэбескай і змагаркай
7.05.2024 / 17:41
Даносчыца Вольга Бондарава знайшла новага схаванага «ворага рэжыму».
Вольга Бондарава. Фота: «Гродненская правда»
Нагодай для абурэння стала праграма дзяржаўнага канцэрта да 9 Мая.
«Колькі ні пішуць патрыёты пра тое, што непрыгожа да патрыятычных мерапрыемстваў прыцягваць змагароў і дзяржпераваротчыкаў, пральня ўпарта працягвае іх цягнуць.
Каторы раз мы сустракаем прозвішча змагаркі Ганны Сялук на канцэртах з удзелам Лукашэнкі.
Сёння, на мерапрыемстве ў гонар Дня Перамогі 9 мая — зноў тыя ж граблі», — у шаленстве піша даносчыца.
Бондарава ў тэлеграм-канале традыцыйна абураецца некаторымі артыстамі, якіх лічаць недастаткова лаяльнымі. Але на гэты раз дастаецца і нявестцы Аляксандра Лукашэнкі, якая піша песні пад псеўданімам Ганна Сялук.
Скрыны паведамленняў у тэлеграм-канале Вольгі Бондаравай
«Канцэрт у гонар 9 мая: 9 згадак дзяржпераваротчыкаў. Шмат, Сялук, Курчыч, Кузняцова. Сімвалічна. Алё, гэта пральня па працягванні бчбесаў на мерапрыемствы з удзелам Лукашэнкі?»
— абураецца Бондарава.
Праўда, падобна, што хутка ёй патлумачылі, супраць каго яна ўзвяла паклёп, і Бондарава свае допісы пра Сялук выдаліла.