Акцёр Тыль Швайгер змагаецца з сепсісам, яму хацелі ампутаваць нагу
11.04.2024 / 14:53
Зорка фільма «Дастукацца да нябёсаў» Тыль Швайгер знаходзіцца ў бальніцы і праходзіць доўгае лячэнне ад сепсісу.
Тыль Швайгер. Фота: Thomas Niedermueller / Getty Images for ZFF
BILD звязаўся з акцёрам, ён расказаў пра свой стан:
«Я атрымліваю антыбіётыкі ў бальніцы ўжо два тыдні, таму што ў мяне рана на назе са жніўня. Тады я стукнуўся галёнкай, і ў яе патрапілі мікробы. Цяпер у мяне «адкрытая нага» [язва на назе], так яны гэта называюць. На жаль, становіцца ўсё горш».
Па даных BILD, была рызыка таго, што нагу прыйдзецца ампутаваць.
Швайгер сказаў, што хоча паляцець у Нью-Ёрк на прэмʼеру новага фільма Гая Рычы «Міністэрства неджэнтльменскіх спраў», у якім ён іграе галоўную ролю.
«Я не губляю надзеі, што ўсё можа атрымацца», — сказаў акцёр. Аднак дактары асцерагаюцца ўскладненняў і пакуль не даюць дабро.
Сепсіс лічыцца больш небяспечным, чым інсульт ці рак малочнай залозы. Неспецыфічныя сімптомы і нізкая інфармаванасць пацыентаў і лекараў пагаршаюць сітуацыю. Штогод у Германіі ад сепсісу паміраюць больш за 140 000 чалавек — больш за 380 чалавек штодня, піша выданне.