БЕЛ Ł РУС

Здарэнні

«Малышка паспела толькі расплюшчыць вочкі». У Мінску немаўля памерла ад асфіксіі — медыкі не сталі рабіць кесаравага

4.02.2024 / 0:45

Ганна Стафановіч

Здаровая цяжарнасць скончылася трагедыяй. У 5 радзільным доме Мінска ўрачы не сталі своечасова рабіць парадзісе кесарава — дзяўчынка атрымала цяжкую асфіксію і памерла на наступны дзень. Цяпер яе маці запісала зварот да Лукашэнкі з просьбай разабрацца ў сітуацыі і пакараць вінаватых.

Скрыншот відэа ў інстаграме lolly_ly

— Не піла, не паліла, выконвала ўсе рэкамендацыі жаночай кансультацыі, прыйшла ў радзільню ў прызначаны дзень, — кажа жанчына на відэа, якое нядаўна з'явілася ў інстаграме.

Для 31-гадовай Кацярыны Сухарукавай гэта была першая цяжарнасць, яна працякала без ускладненняў. Роды не пачаліся самі, таму жанчына прыехала ў радзільню ў дзень, які быў прызначаны ёй для планавай шпіталізацыі — 15 студзеня. Тэрмін цяжарнасці складаў 41 тыдзень і 1 дзень, плод быў даволі вялікім — больш за 4 кілаграмы. Аднак парадзісе сказалі, што паказанняў для кесарава сячэння няма.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от @lolly_ly

На працягу двух дзён медыкі спрабавалі стымуляваць пачатак родаў спецыяльнымі таблеткамі, але гэта не спрацавала. Тады жанчыне прапанавалі стымуляваць радавы працэс спецыяльным гелем. Яна пагадзілася, але ў хуткім часе пашкадавала пра гэта рашэнне. Моцныя схваткі (такія, якія бываюць пры натуральным працэсе ў самым канцы родаў) пачаліся практычна адразу ж.

— Каля 14:30 я літаральна валялася на падлозе. Кардыятакаграфію запісвалі з цяжкасцю, ад сілы хвілін 10. Я дакладна памятаю, што ў малышкі была тахікардыя. Мне казалі, што гэта нармальна. Практычна да самага канца родаў дзіця не апускалася ў радавыя шляхі. Хоць дзіця спрабавалі апусціць, акушэрка ціснула мне на жывот. Мы так і не зразумелі, апусцілася ў выніку малышка ў таз ці не.

Праз некалькі гадзін медыкі пабачылі зялёныя воды. Але і ў гэты момант не сталі рабіць жанчыне кесарава. Бліжэй да ночы схваткі сталі згасаць, выцягваць дзіця прыйшлося вакуумам. Немаўля не заплакала.

— Загадчык радзільнага блока сказаў, што тонус добры, хаця дзіцячы рэаніматолаг сказаў, што нічога добрага няма. Дзіця адразу сталі рэанімаваць. Малышка паспела расплюшчыць і заплюшчыць вочкі. А 3-й гадзіны ночы мне паведамілі аб крывацёку ў лёгкім. Пазней было спыненне сэрца — яго ўдалося запусціць. Другое спыненне сэрца, яна, на жаль, не перажыла. Дзіця было поўнасцю на апараце, патрабавалася 99% кіслароду. У мяне адно пытанне: калі ўсё было ў парадку, дык чаму такі вынік? Чаму не было перагляду ў бок кесарава сячэння? Упэўнена, дзіця было б жывое.

Дачку, якая пражыла ўсяго некалькі гадзін, жанчына назвала Васілісай. Прычынай яе смерці пазначана цяжкая асфіксія — кажучы простай мовай, дзяўчынка доўга была без кіслароду.

У каментарыях да відэа некаторыя жанчыны пішуць, што таксама сутыкаліся з адмовай рабіць кесарава ў беларускіх радзільнях, з-за чаго ў дзяцей была асфіксія рознай ступені. У найлепшым выпадку потым дзіцяці патрабавалася працяглая рэабілітацыя.

Раней супрацоўніца аднаго з беларускіх радзільных дамоў каментавала «Нашай Ніве» жудасны выпадак у Салігорску, дзе ў аналагічнай сітуацыі (урачы не сталі своечасова зрабіць кесарава) немаўля атрымала цяжкую асфіксію і трапіла ў рэанімацыю.

Тады экспертка распавяла, што насамрэч такія выпадкі, на жаль, не адзінкавыя. А прычына трагедый гучыць цынічна і жудасна — урачы не хочуць сапсаваць статыстыку па колькасці кесарава.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі патрабуе праводзіць кесарава не больш чым у 30% выпадкаў (а лепей, каб гэты працэнт ва ўстанове аховы здароўя быў яшчэ ніжэйшы) — гэта ўстаноўка на ўзроўні начмедаў, галоўных дактароў. Суразмоўца падкрэслівала: калі працэнт значна перавышае «норму», тады дастаецца ўсім у радзільні.

У дзяржаўных СМІ звяртаюць увагу, што ў Еўропе частата кесаравых сячэнняў даходзіць да 50%, у Лацінскай Амерыцы нават да 60%, затое ў Беларусі — каля 31%.

Чытайце таксама:

«На жаль, такіх жудасных гісторый хапае». Супрацоўніца радзільні пра выпадак з парадзіхай у Салігорску

У Салігорску ў часе родаў пацярпела немаўля. Маці запісала ў тыктоку скаргу да Лукашэнкі — у радзільню адправілі камісію

«Праз трывожнасць набрала 30 кілаграмаў». Чаму некаторыя жанчыны панічна баяцца нараджаць і што з гэтым рабіць

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула