Што пыталіся ў сваякоў палітвязняў, якіх масава затрымлівалі ўчора? І пры чым тут «Едастаўка»
24.01.2024 / 0:50
Па ўсёй Беларусі 23 студзеня прыйшлі з ператрусамі мінімум да 84 чалавек, гэта сваякі палітвязняў і былыя палітвязні. Некаторыя з іх застаюцца за кратамі, некаторых вызвалілі. Што звязвала ўсіх гэтых людзей? Наколькі нам вядома, большасць з іх атрымлівала дапамогу ад ініцыятывы IneedHelp.
Гэты праект дапамагаў ахвярам палітычных рэпрэсій простым чынам — для сем’яў палітвязняў, якія апынуліся ў цяжкай фінансавай сітуацыі, неабыякавыя беларусы замаўлялі прадукты. Для гэтага выкарыстоўвалася «Едастаўка» — папулярны сэрвіс «Еўраопта». Кур'еры кампаніі развозяць кліентам замоўленыя тавары. Аплаціць замову можна пры атрыманні прадуктаў, а можна і загадзя, у інтэрнэце.
Падчас допытаў у людзей перадусім пыталіся, ці атрымлівалі яны нешта праз дастаўку «Еўраопта» і хто аплачваў гэтыя прадукты. Пра гэта «Нашай Ніве» стала вядома ад некалькіх крыніц.
Натуральна, атрыманне прадуктаў не забаронена заканадаўствам — нярэдкая сітуацыя, калі дзеці з-за мяжы замаўляюць прадукты сталым бацькам.
Але тыдзень таму ініцыятыву IneedHelp прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». І цяпер людзям пагражаюць крымінальнымі справамі за «ўдзел» у дзейнасці фармавання. У залежнасці ад адказаў на пытанні спецслужбістаў некаторым нібыта прапануюць перайсці з падазраваных у сведкі. Відавочцы адзначаюць, што людзей у КДБ завозілі дзясяткамі.
Як сілавікі маглі выйсці на атрымальнікаў дапамогі? Найхутчэй, стваральнікі IneedHelp ажыццяўлялі аплату ў «Едастаўцы» сваёй банкаўскай карткай (адной ці некалькімі). Яна была небеларускай, таму аперацый па рахунку спецслужбісты ўбачыць не маглі.
Але з тэхнічнага пункта гледжання зусім нескладана вылічыць тыя сотні ці тысячы замоваў, зробленых з аднаго акаўнта (ці нават некалькіх) і аформленых па адрасах пражывання сем'яў палітвязняў.
Гэта аперацыя магла праводзіцца як праз запыт у «Еўраопт», так і праз банкаўскія механізмы.
Паводле статыстыкі на сайце IneedHelp, праект агулам сабраў $1,55 мільёна, была адпраўлена 15 161 прадуктовая дапамога.
Чытайце таксама:
У маці Марыны Касінеравай 10 гадзін праводзілі ператрус
Падчас хапуна сваякоў палітвязняў затрымалі Марыну Адамовіч
Што стаіць за сённяшнім хапуном і масавымі вобшукамі
У рамках масавага хапуну сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных затрымалі як мінімум 37 чалавек