Шакуючыя ФОТА пацярпелых на мірных акцыях з Бальніцы хуткай дапамогі
15.08.2020 / 0:39
асцярожна: жорсткія кадры!
Да гэтага часу невядома дакладная колькасць усіх пацярпелых, якія былі дастаўлены ў бальніцы за час жорсткіх супрацьстаянняў на вуліцах Мінска і іншых гарадоў Беларусі з 9 жніўня. Карэспандэнту TUT.BY удалося пагаварыць з некаторымі з пацыентаў, якія атрымалі цяжкія траўмы і зараз праходзяць лячэнне ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) у сталіцы.
Усе здымкі зробленыя выключна са згоды пацыентаў, як і дыягназы, якія называюцца. Гэтыя фатаграфіі цяжка глядзець нават чалавеку з моцнай псіхікай. Устрымайцеся ад прагляду, калі вы вельмі ўражлівыя.
Журналістам удалося пагутарыць з шасцю пацыентамі, вось толькі коратка з дыягназаў: чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія ўдары і сінякі, траўматычны шок, страсенне мазгоў, выбуховая траўма, аскепкавыя раненні і нават разрыў печані.
Усе героі заяўляюць, што іх збілі супрацоўнікі сілавых ведамстваў. Хтосьці з іх дагэтуль знаходзіцца ў рэанімацыі, кагосьці нарэшце выпісваюць дадому — але наперадзе яшчэ месяцы лячэння і рэабілітацыі.
Вось гэтыя людзі: 20-гадовы Аляксей Курачоў, 34-гадовы Максім Сальнікаў, 21-гадовы Аляксандр Альхоўскі, 19-гадовая Марыя Зайцава, 24-гадовы Кірыл Піскароў і 32-гадовы Аляксандр Пашкоўскі.
Медыкі абураныя, што да пацыентаў, якія пацярпелі ад збіцця ў ізалятарах, не прыходзяць судова-медыцынскія эксперты, каб задакументаваць пашкоджанні.
«Наогул, эксперты прыязджаюць у бальніцу, але не да такіх пацыентаў. Нагадаю, выклік ажыццяўляецца следчым, які вядзе справу», — растлумачыў адзін з дактароў.
21-гадовы Аляксей, фота Вадзіма Заміроўскага.
Максім. Выйшаў у краму па цыгарэты і каля пад'езда быў цяжка збіты. У яго — разрыў печані. Фота Вадзіма Заміроўскага.
Аляксандр, яго «сустрэлі» ў двары дома. Фота Вадзіма Заміроўскага.
Марыя. У яе трапіла святлошумавая граната. Дзяўчына да гэтага часу не чуе адным вухам. Фота Вадзіма Заміроўскага.
Кірыл. Атрымаў вывіх плечавой косткі ў выніку збіванняў. Па словах хлопца, у аддзяленні міліцыі яго прымушалі падняць рукі, а калі адна з іх не падымалася, то білі зноў. Яго родныя ўжо падалі заяву з патрабаваннем распачаць крымінальную справу. Фота Вадзіма Заміроўскага.
Аляксандр. Яго з сябрамі спынілі на машыне, завалаклі ў таніраваны мікрааўтобус, і пачаліся «жахі», кажа ён. Фота Вадзіма Заміроўскага.